Мінск 20:41

Літоўскія памежнікі перахапілі чарговы дрон з беларускімі цыгарэтамі — 11-ы з пачатку года

Фота: САДМ

7 красавіка, Позірк. Аб перахопе адзінаццатага з пачатку года дрона з беларускімі кантрабанднымі цыгарэтамі паведаміла 7 красавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Адзначаецца, што ў ноч на 5 красавіка памежнікі ў ваколіцах вёскі Дуба (Варэнскі раён) “пачулі гук, характэрны для беспілотных лятальных апаратаў”.

“Неўзабаве дрон, які ляцеў з боку Беларусі ўглыб тэрыторыі Літвы, быў зафіксаваны і праз цеплавізійную камеру. Памежнікі неадкладна ўжылі антыдронавае абсталяванне, якое парушыла працу апарата, і той упаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Далей у лясным масіве ў некалькіх дзясятках метраў ад дзяржаўнай мяжы, супрацоўнікі САДМ выявілі на зямлі беспілотнік, да якога быў прымацаваны скрутак, абматаны чорнай поліэтыленавай плёнкай.

“Даставіўшы апарат з грузам на памежную заставу і распакаваўшы скрутак, яны налічылі 1.000 пачкаў цыгарэт “NZ Gold” з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт такой колькасці нелегальных цыгарэт з улікам усіх абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў складае 5.380 еўра”, — паведамілі ў САДМ.

Распачатая адміністрацыйная вытворчасць.

Летась супрацоўнікі САДМ перахапілі 59 такіх беспілотнікаў, якія заляцелі з Беларусі. У 2024 годзе было прымусова пасаджана 54 беспілотныя апараты з беларускімі цыгарэтамі, нагадалі ў ведамстве.

2 красавіка генпракурор Літвы Ніда Гругскене паведаміла, што ў краіне пачата больш за 30 папярэдніх спраў па фактах кантрабанды цыгарэт з Беларусі з дапамогай метэазондаў, якая, як паказвае статыстыка, з’яўляецца больш распаўсюджанай, чым з дапамогай беспілотнікаў.

Паводле слоў Грунскене, з пачатку 2026 года зафіксавана 83 выпадкі такой кантрабанды, расследавана каля 20 спраў, больш за 30 чалавек прызнана вінаватымі і пакарана за кантрабанду.

Падзяліцца: