Мінск 17:38

Рассельгаснагляд зноў не дазволіў звезці ў Беларусь капусту, а таксама кветкавыя цыбуліны і арэхі макадамія

Ілюстрацыйнае фота: Shelley Pauls / unsplash.com

7 красавіка, Позірк. Пра спыненне вывазу з Расіі ў Беларусь 18,5 тоны белакачаннай капусты і 4 тыс. цыбулін кветкавых культур паведаміла 7 красавіка Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Транспарт, які перавозіў гэтую прадукцыю без фітасанітарных сертыфікатаў, супрацоўнікі ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях пры ўзаемадзеянні са смаленскімі мытнікамі спынілі 2–5 красавіка ля расійска-беларускай мяжы. Аўтамашыны пад кіраваннем грамадзян РФ, як паведамляецца, ехалі з Масквы ў Мінскую вобласць.

Хоць фітасанітарная экспертыза не выявіла ва ўзорах прадукцыі шкодныя каранцінныя арганізмы, “далейшае перамяшчэнне грузаў” на тэрыторыю Беларусі “было спыненае”, транспарт быў вернуты ў расійскую сталіцу — да месца адгрузкі.

Гэткім жа чынам тое самае ўпраўленне Рассельгаснагляду паступіла з 700 кг арэхаў макадамія, затрыманых 5 красавіка. Прадукцыю без фітасанітарнага сертыфіката вёз з Масквы ў Мінск грамадзянін Беларусі.

За дапушчаныя парушэнні ўсе перавозчыкі былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

11 сакавіка Рассельгаснагляд паведаміў, што вярнуў у Маскву каля 6 т свежай капусты, што транспартаваліся ў Брэсцкую вобласць.

На працягу мінулага месяца з РФ у Беларусь не былі прапушчаныя дзве грузавыя аўтамашыны, якія перавозілі плодаагароднінную прадукцыю (больш за 17 т), а таксама аўтамабіль з сухафруктамі і арэхамі (каля 4 т).

Ва ўсіх выпадках прычынай стала адсутнасць фітасанітарных сертыфікатаў. Грузы пасля экспертызы вярнулі адпраўшчыкам, а кіроўцы (беларусы) былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Падзяліцца: