Мінск 18:25

Ціханоўская наведвае Іспанію, праходзяць сустрэчы ва ўрадзе

Святлана Ціханоўская і прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс
Фота: прэс-служба беларускага палітыка

7 красавіка, Позірк. Пра візіт у Іспанію беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла прэс-служба палітыка.

7 красавіка ў Мадрыдзе палітык сустрэлася з прэм’ер-міністрам Іспаніі Педра Санчэсам. Акрамя таго, запланаваныя сустрэчы са старшынёй Сената Педра Роланам, а таксама міністрам замежных спраў, ЕС і міжнароднай супрацы Хасэ Мануэлем Альбарэсам.

У гэты ж дзень дэмлідар звернецца з уступным словам у анлайн-фармаце да ўдзельнікаў публічнай дыскусіі “Як разарваць кола дыктатур у Мінску і Каракасе: жаночае лідарства і роля ЗША”, якая адбудзецца ў Англа-амерыканскім універсітэце ў Празе.

8 красавіка Ціханоўская мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Іспаніі, выступіць з лекцыяй ва Універсітэце IE пра барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі ва ўмовах выгнання, а таксама даць інтэрв’ю вядучым іспанскім медыя.

Ціханоўская наведвала Мадрыд у чэрвені 2025 года.

Сёлета 19 студзеня Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне Іспаніі выпусціла інструкцыю аб прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў.

Падзяліцца: