Мінск 17:33

Амбасадар Беларусі Селіверстаў мае намер наведаць анексаваны Расіяй Крым

Крымскі мост, адкрыты РФ у 2018 годзе
Ілюстрацыйнае фота: Росавтодор / Wikimedia Commons

4 красавіка, Позірк. Пра падрыхтоўку візіту ў Крым беларускага амбасадара ў Расіі Юрыя Селіверстава заявіў на пачатку красавіка ў эфіры радыё “Спадарожнік у Крыме” так званы “прадстаўнік савета міністраў” гэтага анексаванага Расіяй рэгіёну Украіны, намеснік старшыні “каардынацыйнага савета арганізацый расійскіх суайчыннікаў у Беларусі” Андрэй Лапацкі.

“Мы цяпер рыхтуемся да прыезду ў Рэспубліку Крым, у Севастопаль новага амбасадара Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. А місія амбасадара перш за ўсё — гэта дапамагчы не толькі на ўзроўні міждзяржаўным, а і на ўзроўні міжрэгіянальным наладзіць дадатковую супрацу”, — заявіў ён, не ўдакладніўшы дату візіту.

Паводле яго слоў, супраца Беларусі і Крыма прыносіць не толькі “нейкі фінансавы, матэрыяльны прыбытак”, але і “душэўнае задавальненне ад брацкіх стасункаў”.

Ураджэнец Севастопаля Лапацкі стаў так званым “паўнамоцным прадстаўніком” Крыма ў Беларусі ў траўні 2022 года. Заснаваў у Беларусі сацыяльна-культурны цэнтр “Крымскае зямляцтва”.

У верасні 2025 года ў Беларусі прайшлі “дні рэспублікі Крым” пры ўдзеле “міністраў, намеснікаў міністраў, дэпутатаў парламента, грамадскіх дзеячаў і прадстаўнікоў бізнесу” анексаванага паўвострава.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю агенцтву “Расія сёння” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

Улады ў Мінску падтрымалі ўварванне РФ ва Украіну 24 лютага 2022 года і з тае пары не хаваюць супрацы з акупацыйнымі ўладамі захопленых тэрыторый.

Крым і Севастопаль былі ўключаныя ў склад Расіі ў сакавіку 2014 года пасля правядзення на гэтых тэрыторыях “рэферэндумаў” у прысутнасці расійскіх вайскоўцаў. Вынікі гэтых мерапрыемстваў сусветная супольнасць не прызнала ці ўспрыняла неадназначна.

У дакументах ААН і ўкраінскім заканадаўстве падкантрольныя Расіі Крым і Севастопаль разглядаюцца як часова акупаваная частка Украіны. Са 193 краін — членаў арганізацыі рэзалюцыю Генасамблеі ААН пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ад 27 сакавіка 2014 года падтрымалі 100, устрымаліся — 58, выступілі супраць — 11, у тым ліку Беларусь.

Крэмль выдзяляе сотні тысяч долараў на прасоўванне ідэй “рускага свету” ў Беларусі — расследаванне

21 траўня, Позірк. Масіўная ўцечка звестак з расійскага Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой (Праўфонда), дапамагла ўстанавіць, што Крэмль “ужо доўгі час шчодра спансуе сваіх марыянетак у Беларусі”, гаворыцца ў публікацыі даследчага цэнтра “Бюро”. Адзначаецца, што …
Падзяліцца: