Сакавік 2026 года ў Беларусі стаў самым цёплым і самым сухім за пасляваенны перыяд

4 красавіка, Позірк. Сакавік 2026 года стаў самым цёплым і самым сухім за пасляваенны перыяд, паведамляе Белгідрамет.
Сярэдняя тэмпература перавысіла норму на 5 градусаў і склала +5,8 градуса.
Да гэтага найцяплейшымі з 1945 года былі першыя месяцы вясны 2007 і 2025 гадоў (+5,2).
На 90% метэастанцый абноўленыя рэкорды сярэднямесячнай тэмпературы паветра, зафіксаваныя ў 2007, 2014 і 2025 гадах.
Як вынікае са звестак Белгідрамета, за апошнія 13 гадоў халадней за норму сакавік быў толькі адзін раз (у 2018 годзе).
Цяплей за норму было на працягу ўсяго месяца: у першай дэкадзе — на 3,9 градуса (+3 супраць -0,9), у другой — на 5,3 (+6,1 супраць +0,8), у трэцяй — на 5,8 (+8,1 супраць +2,3).
Пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 0 градусаў у бок павышэння (пачатак кліматычнай вясны) ажыццявіўся на 1-2 тыдні раней за звычайныя тэрміны ― яшчэ ў трэцяй дэкадзе лютага. Устойлівы пераход праз +5 (пачатак вегетацыйнага перыяду) на большай частцы тэрыторыі краіны адбыўся рэкордна рана ― 8-11 сакавіка (на 2 дэкады ― месяц раней, чым звычайна).
Цяплей за ўсё было 31 сакавіка ў Касцюковічах (+20), халадней за ўсё — 8 сакавіка ў Клічаве (-9,2).
Выпала 3,8 мм ападкаў (3,8 л вады на квадратны метр тэрыторыі), што склала 10% месячнай нормы. Да гэтага самым сухім за пасляваенны перыяд быў сакавік 2022 года (6 мм).
“На ўсіх пунктах назіранняў па ўсходняй палове рэспублікі былі абноўленыя абсалютныя месячныя мінімумы ападкаў. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала менш за 15% кліматычнай нормы ападкаў, а на станцыях Жлобін і Слаўгарад на працягу месяца ападкі не назіраліся“, — адзначае Белгідрамет.
У рэгіянальным разрэзе найбольшая колькасць ападкаў адзначаная ў Гродзенскай вобласці — 8,7 мм, або 23% нормы, найменшая — у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Там выпала адпаведна 0,6 і 0,9 мм, або 1,5 і 2,4% нормы.
Менш за ўсё ападкаў было ў першай дэкадзе сакавіка — 1,5% нормы (0,2 мм супраць 13,3 мм).
Максімальная вышыня снегу была зафіксаваная ў Касцюковічах 1 сакавіка (45 см). Снег цалкам растаў у трэцяй дэкадзе.
Як адзначаў “Позірк“, у мінулым сакавіку на метэастанцыях краіны было зафіксавана 226 тэмпературных рэкордаў.
Люты 2026 года стаў найхаладнейшым за апошнія 14 гадоў, студзень — за апошнія 16 гадоў, зіма ў цэлым — за апошнія 15 гадоў. У той жа час снежань заняў сёмае месца сярод самых цёплых першых месяцаў зімы з 1945 года.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка



