Кіраўніцтва фонду “Цуд дзецям” выкарыстоўвала непаўналетніх для вулічнага збору грошай — МУС

4 красавіка, Позірк. Кіраўніцтва дабрачыннага фонду “Цуд дзецям” выкарыстоўвала непаўналетніх для збору ахвяраванняў на вуліцах абласных гарадоў Беларусі, паведаміла 4 красавіка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.
“Высветлена: чацвёра замежнікаў ва ўзросце ад 21 да 48 гадоў у 2024 годзе заснавалі на тэрыторыі Беларусі арганізацыю, мэтай якой заяўляўся збор сродкаў для аказання дапамогі цяжкахворым дзецям. У гэты “бізнес” былі ўцягнутыя звыш 120 падлеткаў 14–16 гадоў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле сцвярджэння МУС, “толькі дзесятая частка сабраных сродкаў накіроўвалася на статутную дзейнасць” фонду: “Астатнія грошы, а гэта крыху меней за 400 тысяч рублёў, зламыснікі вывезлі наяўнымі за межы краіны для ўласных патрэбаў. Маюцца падставы меркаваць, што рэальная сума будзе значна большая”.
Паведамляецца, што “вынятая кампутарная тэхніка, справаздачная дакументацыя, частка сабраных грошай”.
Пра тое, што пракуратура Гродна распачала крымінальную справу за “махлярства ў асабліва буйным памеры” (ч. 4 арт. 209 КК) у дачыненні да кіраўніцтва фонду “Цуд дзецям”, напярэдадні паведаміла Генеральная пракуратура.
Было заяўлена, што замежнікі, з’яўляючыся заснавальнікамі, дырэктарам і намеснікам дырэктара фонду з чэрвеня 2024 года па красавік 2025-га, “завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры не менш за 390 тыс. рублёў”.
Адзначалася, што валанцёры збіралі ахвяраванні на вуліцах Гродна, Брэста, Віцебска і Гомеля. У кожным з гэтых гарадоў працавала ад 20 да 50 чалавек, якія “не ведалі пра злачынныя схемы арганізатараў фонду і крадзяжы імі грашовых сродкаў і былі перакананыя, што ўсе ахвяраванні ішлі на дапамогу дзецям, што жывуць у нястачы, і хворым”.
Адзін фігурант справы затрыманы, астатнія знаходзяцца за мяжой.
Фонд “Цуд дзецям”, як пазначана на яго сайце, аказвае “ўсебаковую падтрымку дзецям з цяжкімі захворваннямі” (ДЦП, аўтызм і арганічныя пашкоджанні ЦНС).
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



