Мінск 11:54

У Польшчы чатыры чалавекі прыгавораныя да 1,5­–8 гадоў зняволення за перапраўку мігрантаў праз Беларусь і Балканы

Затрыманне ўдзельніка групы па перапраўцы мігрантаў
Відэа: Памежная ахова Польшчы / стоп-кадр: "Позірк"

4 красавіка, Позірк. Суд у Легніцы (Ніжнесілезскае ваяводства Польшчы) прыгаварыў кіраўніка “арганізаванай злачыннай групы, якая ў 2023 годзе займалася перапраўкай нелегальных мігрантаў”, да 8 гадоў зняволення, траіх кур’ераў — да 1,5 года, паведаміў 3 красавіка Нададжанскі аддзел польскай Памежнай аховы.

Паводле інфармацыі рэгіянальнага падраздзялення ведамства, удзельнікі гэтай групы “дзейнічалі на маршруце з Беларусі праз Польшчу ў Германію, а таксама на балканскім маршруце”. Адзначаецца, што яны “незаконна пераправілі на тэрыторыю Еўрасаюза як мінімум 100 чалавек”.

“Схема арганізацыі нелегальнай міграцыі была раскрытая ў 2023 годзе, калі адзін з кур’ераў, які перавозіў некалькіх мігрантаў, быў затрыманы памежнікамі з Легніцы на аўтамагістралі A4, — гаворыцца ў паведамленні. — Каб абцяжарыць працу праваахоўных органаў, члены групы выкарыстоўвалі для перавозкі нелегальных мігрантаў арандаваныя аўтамабілі. Сярод затрыманых быў грамадзянін Польшчы, які падазраецца ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай”.

Пазней высветлілася, што ў групу ўваходзіла дзесяць чалавек. Шасцёра “добраахвотна пагадзіліся на пакаранне”, то бок пайшлі на здзелку — прызналі віну, прынялі прапанаванае пакаранне і адмовіліся ад паўнавартаснага суда ў абмен на больш мяккі вырак.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных Памежнай аховы Польшчы, у 2023 годзе службы гэтай краіны прадухілілі больш за 25,5 тыс. спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з беларускай тэрыторыі (у 2024-м — крыху менш за 30 тыс., 2025-м — больш за 29 тыс., ад пачатку 2026-га — каля 160).

Падзяліцца: