Экс-намеснік кіраўніка Гродзенскага райвыканкама асуджаны на 7,5 года пазбаўлення волі за хабар
3 красавіка, Позірк. Да 7,5 года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму прыгавораны былы намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама за хабар, паведамляе дзяржаўная “Тэлерадыёкампанія Гродна“.
Рашэнне вынес суд Ленінскага раёна горада 3 красавіка.
Таксама асуджаны атрымаў штраф у памеры 450 базавых велічынь (20.250 рублёў) і пазбаўлены права займаць пасады прадстаўніка ўлады і звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, тэрмінам на пяць гадоў.
Адзначаецца, што 41-гадовы мужчына, чыё імя не называецца, быў затрыманы летам 2025 года. Згодна з матэрыяламі следства, са снежня 2023 года да ліпеня 2025-га ён “неаднаразова атрымліваў узнагароды ў выглядзе грошай, а таксама будаўнічых матэрыялаў“: “такім чынам два прадстаўнікі камерцыйных структур дзякавалі яму за садзейнічанне ў развязанні пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю абвінавачанага“.
Хабары, сцвярджаецца ў рэлізе, даваліся за забеспячэнне прадстаўнікам канкрэтных камерцыйных структур удзелу ў працэдурах закупак і перамогі ў іх, заключэння і выканання дагавораў на выкананне рамонтна-будаўнічых і мантажных работ, а таксама за “своечасовы пералік грашовых сродкаў у якасці бягучых авансаў і датэрміновую аплату выкананых работ“.
19 лютага паведамлялася, што крымінальная справа фігуранта накіраваная ў суд. Яму інкрымінавана неаднаразовае атрыманне хабараў (ч. 3 арт. 430 КК).
Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства



