Лукашэнка: Амерыканцы малайцы, пачалі рабіць у Іране тое, што я Трампу параіў

3 красавіка, Позірк. ЗША ў ваенным канфлікце з Іранам дзейнічаюць у адпаведнасці з рэкамендацыямі, якія Аляксандр Лукашэнка даў амерыканскаму прэзідэнту Дональду Трампу. Пра гэта беларускі палітык заявіў, выступаючы 3 красавіка ў Мінску на адкрыцці 42-й гарадской паліклінікі.
Адпаведнае відэа апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.
Верагодна, прамоўца меў на ўвазе нейкія “парады”, даведзеныя ім падчас сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта ЗША ў Беларусі Джонам Коўлам 19 сакавіка ў Мінску.
“Амерыканцы малайцы. Яны пачалі рабіць тое, што я Трампу параіў у апошніх перамовах. Магу ўжо сёння сказаць. Яўрэі прыехалі да яго (Трампа. — “Позірк”.), ізраільцяне, пра Халакост, пра ўсё забыліся, Газу выраўнялі, людзі загінулі там, дзеткі загінулі, пачалі яго клікаць супраць Ірана ваяваць”, — сказаў Лукашэнка.
“Пайшоў. Што рабіць цяпер? Перш, чым захапіць [прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа] Мадура, падумайце, што вы будзеце рабіць заўтра. Ну ўзялі Мадуру — далей што? Не ведаюць”, — дадаў ён.
“Я ім кажу: Ізраіль хацеў паваяваць супраць Ірана — хай паваюе. Дайце яму паваяваць, вы чаго туды лезеце? Вы ж пахаваеце там сваіх людзей. І труны паціху пачалі ў Амерыку паступаць. І грамадства абурылася, ужо дзве траціны не ўхваляе гэтую авантуру”, — адзначыў Лукашэнка.
Паводле слоў палітыка, ён папрасіў перадаць Трампу, каб той “даў Ізраілю паваяваць з Іранам”. “Вось і ўбачым, што атрымаецца. А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць, як ва Украіне Захад ваюе. <…> Вось бачу, што здаровы сэнс узяў уверх, паціху, паціху адтуль сыходзяць”, — заявіў Лукашэнка.
“Вы чуеце гэтыя заявы: мы там разбамбілі, ракеты забілі, уран заўтра забяром… Але галоўнае — гэта нафта. Востраў Харк [у Персідскім заліве] захопім… Ведаю гэты востраў, быў там адзін раз і лётаў над ім пастаянна. Гэты востраў ад Армузскага праліва сотні кіламетраў, ён ніяк не ўплывае на праходжанне судоў там. Але амерыканцы паціху адтуль пачалі сыходзіць”, — сказаў ён.
Лукашэнка “ўпэўнены”, што “і яўрэі зразумеюць, што яны не туды ўлезлі”: “Пры тым паглядзіце: [Ізраіль] — краіна з кукіш, насельніцтва як у нас. Сірыя — ворагі, на поўначы Ізраіля на поўдні Лівана — ворагі, у Іране — ворагі. Усюды ворагі, увесь мусульманскі свет — ворагі. І ўсюды пачалі бамбіць. А з такой дзяржавай і такім насельніцтвам увесь свет не прыхопіш. Думалі, што гэта зробяць амерыканцы, але тыя своечасова спахапіліся”.
28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана пачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятол у Іране. У выніку быў забіты вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі, а таксама іншыя прадстаўнікі палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Ірана
Тэгеран наносіць удары ў адказ. Іранскім нападам падвяргаецца не толькі Ізраіль, але і (у апошні час — з меншай інтэнсіўнасцю) іншыя краіны Блізкага Ўсходу. Да абстрэлаў актыўна падключылася ліванская групоўка “Хізбала”, у адказ Ізраіль праводзіць ваенныя аперацыі і на тэрыторыі Лівана, падчас якіх ужо загінула 10 вайскоўцаў Арміі абароны Ізраіля.
У выніку аднаго з іранскіх ракетных нападаў у Ізраілі загінуў ураджэнец Беларусі, які пражываў там, усяго прамымі і ўскоснымі ахвярамі такіх дзеянняў стала 25 чалавек, таксама ў выніку абстрэлаў загінулі чатыры жыхары Палестынскай аўтаноміі.
Колькасць ахвяр у Іране дакладна невядомая. Іранскі Чырвоны Паўмесяц паведамляў аб гібелі каля 2.000 чалавек і раненнях звыш 20.000. Ізраільскія крыніцы заяўляюць пра 7.000 загінулых толькі ў шэрагах сілавых структур Ірана.
Армія ЗША паведамляе пра 13 загінулых амерыканскіх вайскоўцаў у выніку нападаў з Ірана і крушэння самалёта KC-135 у Іраку.
30 сакавіка Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial заявіў аб чаканні сваёй сустрэчы з Лукашэнкам на наступным пасяджэнні створанага прэзідэнтам ЗША Савета міру.
20 сакавіка, распавядаючы прапагандыстам пра перамовы з амерыканцамі, Лукашэнка казаў пра вялікую здзелку з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.
15 студзеня Трамп абвясціў аб фарміраванні Савета міру, які будзе кіраваць аднаўленнем Сектара Газа. Стварэнне гэтай структуры ўваходзіць у мірны план амерыканскага лідара для Газы разам з размяшчэннем міжнародных сіл.
Лукашэнка атрымаў запрашэнне ўступіць у Савет міру і падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да яго 20 студзеня.
Устаноўчае пасяджэнне Савета міру адбылося 22 студзеня 2026 года ў Давосе, інаўгурацыйнае — 19 лютага ў Вашынгтоне, Беларусь у іх не ўдзельнічала. Інфармацыі пра дату наступнай сустрэчы няма.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНа мяжы ЕС з Беларуссю зафіксавана рэкордная за 105 дзён колькасць спробаў нелегальнай міграцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваУ сакавіку 2024–2026 гадоў на метэастанцыях Беларусі зафіксавана амаль 700 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


