Мінск 17:09

Лукашэнка павіншаваў кіраўніка ваеннай хунты М’янмы з абраннем на пасаду прэзідэнта

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў М'янму
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

3 красавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў з абраннем на пасаду прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.

Віншавальнік выказаў упэўненасць, што “багаты вопыт дзяржаўнага дзеяча, прафесійныя і асабістыя якасці” дазволяць Мін Аун Хлайну “паспяхова ажыццяўляць кіраўніцтва М’янмай, забяспечваць стабільнасць і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны”.

Лукашэнка таксама адзначыў дынаміку беларуска-м’янманскіх адносін, якая “назіралася ўвесь 2025 год”. Паводле яго слоў, двухбаковыя кантакты і падпісаныя дакументы “адкрылі перспектывы для пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах”.

Адзначаецца, што Лукашэнка пацвердзіў “нацэленасць Беларусі на рэалізацыю дасягнутых дамоўленасцяў для далейшага ўмацавання сувязяў з М’янмай” і выказаў надзею на новыя сустрэчы для абмеркавання “прыярытэтных пытанняў парадку дня”.

3 красавіка парламент М’янмы абраў прэзідэнтам лідара ваеннай хунты Мін Аун Хлайна, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку перавароту быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзяржсаветніка Аун Сан Су Чжы (лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру), яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.

Ваенны пераварот выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну. Паводле ацэнак арганізацыі ACLED (Аrmed Conflict Location & Event Data), у ходзе поўнамаштабнай грамадзянскай вайны агульная колькасць загінулых можа перавышаць 90.000 чалавек на пачатак 2026 года.

Абранне Мін Аун Хлайна прэзідэнтам прайшло на пасяджэнні парламента, сфарміраванага па выніках выбараў (снежань 2025 — студзень 2026), якія міжнародная супольнасць і апазіцыя назвалі фіктыўнымі. Мін Аун Хлайн атрымаў 429 з 584 галасоў дэпутатаў.

У студзені гэтага года ЦВК Беларусі паведамляў аб прыбыцці ў М’янму беларускай дэлегацыі для назірання за падрыхтоўкай і правядзеннем фінальнага этапу парламенцкіх выбараў.

Як паведамляў “Позірк”, у сувязі з гэтым візітам у рэдакцыю паступіў ліст актывісцкай групы “Справядлівасць для М’янмы” (лаўрэат міжнароднай прэміі “За правільны лад жыцця” 2025 года), у якім гаварылася, што “Беларусь і Расія з’яўляюцца аднымі з асноўных ваенных прыхільнікаў хунты М’янмы, што дазваляе ёй працягваць здзяйсняць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці”.

“Мы па-ранейшаму патрабуем прыцягнення да адказнасці не толькі за міжнародныя злачынствы хунты, але і за саўдзел Беларусі і Расіі”, — гаварылася ў лісце.

Вайскоўцы М’янмы “ладзяць фіктыўныя выбары, каб стварыць бачнасць легітымнасці, у той час як самі беспакарана забіваюць мірных жыхароў”, заявілі аўтары.

Як адзначыў прэс-сакратар арганізацыі Яданар Маунг, выбары “з’яўляюцца спробай узаконіць незаконны ваенны пераварот, якому народ М’янмы мужна супраціўляецца ўжо амаль пяць гадоў”: “Народ адхіляе фальшывыя выбары і незаконную хунту”.

Лукашэнка наведваў М’янму 27–28 лістапада 2025 года.

Падзяліцца: