Лукашэнка заявіў, что Статкевіч хацеў “забіць прэзідэнта”

3 красавіка, Позірк. У жаданні “перавярнуць краіну, забіць прэзідэнта” абвінаваціў Аляксандр Лукашэнка палітыка, які нядаўна выйшаў на волю пасля перанесенага інсульту, экс-палітвязня Мікалая Статкевіча.
Такую заяву Лукашэнка зрабіў, выступаючы 3 красавіка ў Мінску на адкрыцці 42-й гарадской паліклінікі, відэа апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы палітыка.
Разважаючы аб перавагах айчыннай медыцыны Лукашэнка заявіў: “Прыклад таму — Коля Статкевіч. Пасядзеў-пасядзеў на мяжы на лавачцы і дадому вярнуўся. А не вярнуўся б — ужо б пахавалі. Вы (урачы) яго выратавалі нядаўна — інсульт. Адвезлі да [Алега] Румо (узначальвае Мінскі НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. — “Пазірк”.), там круцілі-круцілі. Там адзіны апарат у краіне, па-мойму (трэба паглядзець, можа, яшчэ пару штук купіць, усякае ж можа быць). Выратавалі мужыка, які падрываў, які хацеў перавярнуць краіну, забіць прэзідэнта”.
“Як смажаны певень дзяўбнуў — пабег да гэтага самага прэзідэнта ў дыктатуру, каб яго выратавалі. Вы яго выратавалі”, — дадаў Лукашэнка, не згадаўшы, пры якіх абставінах 69-гадовы Статкевіч апынуўся на мяжы, чаму не захацеў пакідаць краіну і быў зноў пасаджаны ў турму, адкуль вызвалены з наступствамі інсульту.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля з Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму.
11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 зняволены былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Да лістапада яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя.
У канцы лістапада праваабаронцы паведамілі, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, згодна з якім палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было названа.
19 лютага 2026 года жонка Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту.
Паведамлялася, што пры вызваленні палітыку не вярнулі пашпарт.
Доўгі час у няволі Статкевіч правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар, па меншай меры паўгода правёў у адзіночнай камеры.
20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне аб вызваленні Статкевіча “на просьбу сваякоў”.
На распаўсюджаным 25 сакавіка ў тэлеграм-канале Статкевіча відэа з віншаваннем са 108-й гадавінай абвяшчэння БНР бачныя наступствы інсульту, які ён перанёс у зняволенні: экс-палітвязень мае праблемы з вымаўленнем слоў, у яго дэфармаваная левая частка твару.
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваУ сакавіку 2024–2026 гадоў на метэастанцыях Беларусі зафіксавана амаль 700 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ Літве красавік пачаўся з абнаўлення сутачнага рэкорду спыненых спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка



