Мінск 15:38

Выстаўленае абвінавачанне кіроўцу маршруткі, сем пасажыраў якой пацярпела ў аварыі летась улетку ў Іванаўскім раёне

Архіўнае відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

2 красавіка, Позірк. Кіроўцу маршрутнага таксі, якое трапіла ў ДТЗ летась улетку ў Іванаўскім раёне (Брэсцкая вобласць), выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула з неасцярожнасці нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына прызнаў віну.

Згодна са звесткамі следства, напрыканцы ліпеня 2025 года 47-гадовы кіроўца мікрааўтобуса “Мэрсэдэс-Бенц Спрынтар” накіроўваўся з боку Іванава ў бок Драгічына. Абагнаўшы аўтамабіль “Хёндэ” на 466-м кіламетры аўтадарогі М10, ён не даў рады кіраванню, сышоў у занос і з’ехаў у левы па ходзе руху кювет. Маршрутка перакулілася.

Чатыры пасажыры атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, яшчэ трое — траўмы, якія “не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя”. Пацярпелыя звярнуліся з заявай пра прыцягненне кіроўцы да крымінальнай адказнасці.

Паводле інфармацыі СК, у момант ДТЗ ішоў дождж; участак дарогі, дзе кіроўца пайшоў на абгон, “меў калейнасць з лужынамі”. Пасажыры ў момант аварыі не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі.

Паводле заключэнняў судовых аўтатэхнічных экспертызаў, “спалучэнне калейнасці, моцных ападкаў і нераўнамернага зносу шын” магло садзейнічаць “страце ўстойлівасці і ўзнікненню бакавога заносу аўтобуса”. “Крытычная хуткасць для пачатку слізгацення колаў пры пласце вады каля 3 см складае 68 км/г. Аднак высветлена, што фактычная хуткасць руху транспартнага сродку была не менш як 98 км/г пры дазволеных 90 км/г на гэтым участку”, — гаворыцца ў паведамленні.

Следства прыйшло да высновы, што кіроўца маршруткі парушыў шэраг патрабаванняў ПДР: перавозіў пасажыраў з непрышпіленымі рамянямі бяспекі, не стварыў бяспечныя ўмовы перавозкі; пры выбары хуткасці не ўлічыў абмежаванні, асаблівасці і стан транспартнага сродку, а таксама дарожныя ўмовы і ўмовы надвор’я.

Падзяліцца: