Мінск 15:17

Ціханоўская ўзнагародзіла нямецкага журналіста і даследчыка Пэтца медалём за працу на карысць Беларусі

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

2 красавіка, Позірк. Медаль Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) “За плённую працу на карысць Беларусі” уручыла нямецкаму журналісту, пісьменніку і даследчыку Інга Пэтцу кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская 1 красавіка 2026 года ў Берліне (Германія).

Прэс-служба палітыка паведаміла, што гэта адбылося падчас працоўнага візіту дэмакратычнаша лідара ў Германію. 

Інга Пэтц — журналіст, пісьменнік, партнёр Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Спецыялізуецца на беларускай культуры і музыцы. Узначальвае рэдакцыю па Беларусі партала dekoder.org.

Пэтц вывучаў усходнееўрапейскую гісторыю, славістыку і паліталогію ў нямецкім Кёльне, а таксама ў Расіі. Упершыню ён наведаў Беларусь у 1994 годзе, пасля чаго зацікавіўся беларускай культурай і гісторыяй і стаў актыўным удзельнікам Нямецка-беларускага таварыства.

У 2006 годзе Пэтц выдаў CD-дыск “The Red Book of Belarusian Music”. Арганізоўваў беларускія канцэрты і культурныя імпрэзы ў Берліне, спрыяючы папулярызацыі беларускай музыкі за мяжой.

У 2025 годзе ў выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшла яго кніга “Rasender Stillstand: Belarus — eine Revolution und die Folgen”. Аўтар аналізуе падзеі 2020 года ў Беларусі, разглядаючы іх у шырокім еўрапейскім кантэксце.

З 2021 года Пэтц ініцыяваў шэраг адукацыйных праграм, скіраваных на падвышэнне якасці і прафесійных стандартаў беларускай журналістыкі ў выгнанні.

Падзяліцца: