Мінск 00:17

Трэцяя ў 2026 годзе адзінка тэхнікі пацярпела падчас пажару на аб’екце АПК

31 сакавіка, Позірк. Трэцяя з пачатку года адзінка тэхнікі пацярпела падчас пажару ў аграпрамысловым комплексе.

Як паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, удзень 30 сакавіка загарэўся пагрузчык у будынку склада ў вёсцы Ждановічы Дрыбінскага раёна (Магілёўская вобласць).

У сакавіку адбыліся іншыя пажары на аб’ектах АПК.

22 сакавіка ў МНС паступіла паведамленне пра пажар сцірты саломы (4х65 м, ураджай 2025 года) у полі каля вёскі Вялікі Быкаў Слуцкага раёна (Мінская вобласць). У выніку пажару знішчана 20 тон саломы ў рулонах.

16 сакавіка ў полі каля вёскі Гута Баранавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць) агнём знішчана 193 тоны саломы ў рулонах.

Пра ўзгаранне на адкрытай пляцоўцы з групавымі пластыкавымі домікамі (5 штук, 3х3 м кожны) для ўтрымання цялят у аграгарадку Налібокі Стаўбцоўскага раёна (Мінская вобласць) паведамлялася 9 сакавіка. У выніку пажару загінула два цяляты (узрост да трох месяцаў), знішчана два домікі і падсцілка з саломы на плошчы 20 кв. м.

2 сакавіка стала вядома пра пажар у слясарным памяшканні малочна-даільнага блока аднапавярховага цаглянага будынка кароўніка каля аграгарадка Холмеч Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць).

Папярэдні выпадак на аб’екце АПК, калі пацярпела тэхніка, адбыўся 1 лютага ў вёсцы Ёдаўцы Пастаўскага раёна (Віцебская вобласць) агнём быў пашкоджаны трактар з прычэпам.

Раней паведамлялася, што 14 студзеня каля вёскі Вялікія Шчытнікі (Брэсцкі раён) пры “правядзенні работ па здрабненні сенажу” згарэў кормаўборачны камбайн.

У мінулым годзе пра першы падобны выпадак паведамлялася 9 студзеня. Гарэў трактар “МТЗ-82” з прычэпам, які працаваў у полі каля вёскі Мадора (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці).

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных МНС, у 2025 годзе пацярпела або было знішчана сама меней 53 адзінкі тэхнікі. Гэта на 27,4% менш, чым за 2024 год (мінімум 73).

У Беларусі працягвае змяншацца колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пазітыўных тэндэнцый не назіраецца ад пачатку 1990-х, у тым ліку і з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Толькі за гады яго кіравання колькасць асноўных сельгасмашын зменшылася ўтрая.

Стала менш камбайнаў: зернеўборачных — у 3,3 раза (з 24.017 на канец 1994-га да 7.228 на канец 2025-га), бульбаўборачных — у 16,9 раза (з 7.877 да 467), буракаўборачных — у 8,3 раза (з 1.654 да 200), кормаўборачных — у 2,6 раза (з 9.442 да 3.582), льноўборачных — у 12,5 раза (з 3.599 да 287).

Колькасць трактараў у гаспадарках зменшылася ў 3,4 раза (з 116.942 да 34.138), грузавых аўтамабіляў — у 4,4 раза (з 66.336 да 15.011).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш у 1,8 раза (з 16.121 да 8.769), бульбакапальнікаў — у 15,2 раза (з 10.742 да 709), зернеачышчальных машын — у 1,7 раза (з 9.929 да 5.795).

Яшчэ два паказчыкі прадстаўлены з 1995 года. За гэты час бульбасаджалак стала менш у 9,8 раза (з 7.613 да 776), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — амаль у 2 разы (з 3.869 да 1.973).

Падзяліцца: