Мінск 00:24

Пашыраныя функцыі Транспартнай інспекцыі

31 сакавіка, Позірк. Урадам зацверджана ў новай рэдакцыі палажэнне аб Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, паведамляе прэс-служба ўрада.

Згодна з дакументам, функцыі Транспартнай інспекцыі пашыраюцца. Да яе кампетэнцыі аднесены: выдача бланкаў фармуляраў пры ажыццяўленні міжнародных аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах; спагнанне дзяржаўнай пошліны; выдача юрыдычным і фізічным асобам (уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў) абавязковых для выканання прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства ў галіне дарожнага руху і прыцягненне вінаватых асоб да адказнасці.

Начальнік Транспартнай інспекцыі атрымлівае права выдаваць распараджэнні, зацвярджаць штатны расклад і “выдаткі на ўтрыманне”.

Адзначаецца, што карэкціроўка палажэння аб Транспартнай інспекцыі зроблена з улікам яе рэарганізацыі і “неаднаразовага ўнясення змяненняў у яго дзеючую з 2002 года рэдакцыю”.

Транспартная інспекцыя кантралюе выкананне заканадаўства ў сферы аўтамабільных перавозак, уключаючы работу таксі, маршрутак і грузавога транспарту. Яна правярае наяўнасць ліцэнзій, тэхнічны стан транспартных сродкаў, рэжым працы кіроўцаў і правільнасць афармлення перавозак. Акрамя таго, інспекцыя праводзіць рэйды, выяўляе парушэнні і прымяняе меры адказнасці да перавозчыкаў і кіроўцаў.

Падзяліцца: