Як “чалавек, які ўжо бачыў усё ў гэтым свеце”, Лукашэнка заявіў, што Паўночную Карэю “чакае вялікая будучыня”

26 сакавіка, Позірк. Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведамляе пра яго сустрэчу 26 сакавіка ў Пхеньяне са старшынёй Дзяржаўных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ынам.
“Я вам магу сказаць, як чалавек, які ўжо бачыў усё ў гэтым свеце, — вашу краіну чакае вялікая будучыня з гэтым працавітым, дысцыплінаваным народам. І другое, што я ўбачыў, — вы ўмееце рабіць усё. І вы гэта робіце так, як ніхто ў свеце”, — заявіў Лукашэнка.
“Гэта не даніна павагі нашым перамовам, — адзначыў ён. — Гэта сапраўды зыходзіць з маіх назіранняў”.
Нягледзячы на “геаграфічную аддаленасць”, сказаў палітык, беларускі і карэйскі народы збліжаюць “агульныя інтарэсы патрыятызму, захавання гістарычнай памяці і глыбокай павагі да старэйшага пакалення”.
“Дружалюбныя адносіны нашых дзяржаў, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перарываліся. Сёння ў выніку ўсебаковага паступальнага развіцця яны пераходзяць на прынцыпова новы этап. З вялікім спазненнем, але тым не менш, пераходзяць на новы этап”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Эканомікі Беларусі і КНДР, паволе яго слоў, “узаемадапаўняльныя”, Мінск і Пхеньян “патрэбныя адзін аднаму”.
“І ў гэтым кірунку давайце зробім высновы з мінулага, са сваіх памылак. І зробім усё для таго, каб адносіны паміж Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь былі ўзорнымі”, — заклікаў ён.
Паведамляецца, што па выніках перамоў Лукашэнка і Кім Чэн Ын падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Паўночнай Карэяй.
“Гістарычны момант!” — гаворыцца ў сувязі з гэтым у тэлеграм-канале прэс-службы беларускага палітыка.
Паводле яго слоў, у дакуменце “выразна і адкрыта выкладзеныя мэты, прынцыпы” двухбаковага ўзаемадзеяння, “вызначаныя інстытуцыйныя рамкі будучых узаемавыгадных працэсаў”.
Візіт Лукашэнкі ў Паўночную Карэю праходзіць 25–26 сакавіка.
28 лютага Лукашэнка павіншаваў Кім Чэн Ына з “пераабраннем” на пасаду генеральнага сакратара Працоўнай партыі Карэі (ППК) — кіроўнай і дэ-факта адзінай палітычнай структуры ў КНДР (дэ-юрэ існыя Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі і Партыя маладых сяброў нябеснага шляху на справе кіруюцца ППК і не змагаюцца за ўладу, а ўсяляк падтрымліваюць дзейны рэжым).
23 сакавіка ён павіншаваў паўночнакарэйскага кіраўніка з “пераабраннем” на пасаду старшыні Дзяржаўных спраў КНДР і “пацвердзіў зацікаўленасць у актыўным пашырэнні палітычных і эканамічных сувязей з Пхеньянам на розных узроўнях”.
КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. Ад моманту заснавання ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ад бацькі да сына — ад Кім Ір Сэна да Кім Чэн Іра, а пасля да Кім Чэн Ына.
Беларускія ўлады некалькі гадоў таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі.
На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.
17 студзеня 2025 года на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці Лукашэнка заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы пра арганізацыю сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы”.
Намеснік дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі, малодшая сястра паўночнакарэйскага правадыра Кім Ё Чжон 20 студзеня абвергла гэтае сцвярджэнне. “Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — падкрэсліла яна, дадаўшы, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.
9 траўня таго ж года паведамлялася, што пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Паўночнай Карэі ў розных сферах былі “падрабязна абмеркаваныя” ў Пхеньяне на 3-м пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы. Бакі абмеркавалі “палажэнні практычнай супрацы” ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, ахове здароўя, гандлі і адукацыі.
Лукашэнка напярэдадні парада ў Пекіне 3 верасня з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны паразмаўляў з Кім Чэн Ынам.
Віншуючы Кім Чэн Ына з Днём утварэння КНДР летась 9 верасня, беларускі палітык пацвердзіў гатоўнасць “у найбліжэйшы зручны для бакоў час наведаць” Паўночную Карэю для “вывядзення міждзяржаўных сувязей на якасна новы ўзровень”.

- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 31 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаНа фоне спробаў ЗША падштурхнуць Вільнюс да перамоваў з Мінскам на літоўска-беларускай мяжы расце міграцыйны ціскМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрасоб па крэдытах вырасла за год на 11,1% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаСхільныя да крэдытнай рызыкі актывы банкаў Беларусі павялічыліся за год на 10,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПраваабаронца Раман Кісляк абскардзіў паўторную адмову на прадастаўленне прытулку ў ГрузііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28–30 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


