Мінск 02:01

Коўл: Тое, што мы зрабілі ў Венесуэле і робім у Іране, напалохала Лукашэнку да чорцікаў

Відэазапіс: Інстытут Макейна / стоп-кадр: "Позірк"

25 сакавіка, Позірк. Ад Злучаных Штатаў Амерыкі Аляксандр Лукашэнка чакае найперш зняцця санкцый, заявіў спецпрадстаўнік ЗША па Беларусі Джон Коўл на амерыкана-брытанскай трансатлантычнай канферэнцыі па пытаннях захопу закладнікаў і адвольных затрыманняў.

Мерапрыемства было арганізаванае 12 сакавіка ў Кангрэсе ЗША Інстытутам Макейна (названы ў гонар амерыканскага сенатара-рэспубліканца Джона Макейна (1936-2018), жорсткага крытыка беларускага рэжыму). Яго відэазапіс на ютуб-канале інстытута з’явіўся 19 сакавіка, у дзень чарговага візіту Коўла ў Мінск. Увагу СМІ запіс прыцягнуў 25 сакавіка.

На думку спецпрадстаўніка, Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе больш за 30 гадоў, хоча быць глабальным гульцом.

“Мы пра гэта казалі. Штаты запрасілі яго ў Савет свету, ён не прыехаў. Мы таксама гэта абмяркоўвалі. І вось як я яму патлумачыў: “Я не ведаю, як выглядае школа ў вашай краіне, але ў нашай краіне гэта выглядае прыкладна так: ты прыходзіш на абед, і там ёсць стол для добрых хлопцаў. Там яны сядзяць, ядуць, і ўсе хочуць быць за адным сталом з гэтымі хлопцамі. І потым ёсць стол для лузераў, гэта той стол, за якім знаходзішся ты. Ты там, за гэтым сталом, з Кубай, з Іранам, Венесуэлай. Я назваў і іншых. Пуцін не знаходзіцца за гэтым сталом, таму што яго нават у школу не запрашаюць“, — прывёў дэталі перамоваў з Лукашэнкам Коўл.

“І нядаўна, — працягнуў спецпрадстаўнік Дональда Трампа, — я яму сказаў: калі ты хочаш сядзець за сталом, дзе сядзяць добрыя хлопцы, вы павінны паводзіць сябе як нармальная краіна. Таму вы не можаце рабіць тое, што рабілі да гэтага: пасылаць паветраныя шары, затрымліваць грузавік, праз што многія хвалююцца“.

Паводле слоў Коўла, яшчэ ёсць шмат такіх рэчаў, якія робяць беларускія ўлады, напрыклад з нелегальнай міграцыяй. “Праз гэтыя рэчы ён (Лукашэнка. — Позірк.) знаходзіцца далёка ад таго стала, дзе сядзяць добрыя хлопцы. А паўтары тыдні таму (у пачатку сакавіка. — Позірк.) я яму сказаў: глядзі, ты застаўся адзін за сталом, дзе сядзяць лузеры, таму май на ўвазе“, — падзяліўся падрабязнасцямі спецпрадстаўнік Трампа.

“Я сапраўды думаю: тое, што мы зрабілі ў Венесуэле, і тое, што мы робім у Іране, напалохала яго да чорцікаў“, — сказаў Коўл пра Лукашэнку.

Спецпрадстаўнік паведаміў, што з Мінскам вяліся доўгія перамовы аб тым, каб вызваленыя палітзняволеныя заставаліся ў краіне (у выніку праз тыдзень 235 з 250 вязняў змаглі застацца ў краіне, пры гэтым працэс іх вызвалення яшчэ не завершаны. — Позірк.).

Коўл таксама адзначыў, што Лукашэнка звязваецца з Уладзімірам Пуціным прыкладна раз на 10 дзён і амерыканскі бок выкарыстоўвае гэты канал для атрымання інфармацыі з Масквы.

Падзяліцца: