Беларусы адзначылі ў цэнтры Вільнюса 108-годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР

25 сакавіка, Позірк. Некалькі сотняў беларусаў адзначыла Дзень Волі — 108-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — 25 сакавіка у Вільнюсе.
Удзельнікі святочнага мітынгу на Лукішскай плошчы ў цэнтры літоўскай сталіцы выслухалі звароты старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай.
Дарадца палітыка па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі заявіў журналістам (а пасля фактычна паўтарыў падчас акцыі), што Дзень Волі ёсць галоўным святам беларускага народа, таму важна адзначаць яго за мяжой, у тым ліку ў Літве.
“Для Літвы гэта вельмі блізка — яны цудоўна ведаюць, што значыць жыць у імперыі, жыць пад акупацыяй, якім ёсць кошт свабоды, як яе цяжка здабыць, — адзначыў суразмоўца. — Гэты дзень — напамін пра тое, як мы змагаліся за свабоду 108 гадоў таму і працягваем гэта зараз. Гэта вельмі важны дзень салідарнасці”.
“У любым змаганні заўсёды важна мець партнёраў, сяброў, не губляць веру, надзею, ісці далей разам. <…> Мы вельмі ўдзячныя, што маем такіх моцных, прынцыповых і доўгатэрміновых партнёраў, як Літва, Польшча ды іншыя краіны. Гэта таксама ў інтарэсах іх нацыянальнай бяспекі — мець незалежную, свабодную, бяспечную Беларусь, якая будзе добрым суседам і партнёрам”, — дадаў ён.
Падчас акцыі адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, старшыня аргкамітэта па святкаванні Дня Волі, экс-палітвязень Павел Севярынец абвясціў хвіліну маўчання: “У памяць пра ўсіх, хто аддаў свае жыццё за нашу і вашу свабоду”.
“Час ад часу можна пачуць, маўляў, прайшоў Дзень Волі, да наступнага года ўсё адно нічога не зменіцца, — сказаў ён. — Але паглядзіце, як мяняецца свет вакол нас. З пачаткам гэтага года жорсткія рэпрэссіўныя рэжымы пачынаюць хістацца адзін за адным. Дыктатара [Нікаласа] Мадуру за шкірку выцягваюць з ягонага крэсла ў Венесуэле. На Кубе гараць офісы камуністычнай партыі. У Іране адну за адной адбіваюць галовы хунце, якая знішчала свой уласны народ, расстрэльвала яго на дэманстрацыях. І ў самой Беларусі вызваляюць палітычных вязняў”.
“Беларусы ва ўсім свеце падымаюць галаву, удыхаюць на поўныя грудзі і адчуваюць вецер перамен. Зараз, у гэтую вясну, нам самы час адштурхнуцца ад дна. І тут пытанне веры — ці верым мы, што гэта магчыма”, — сказаў палітык.
Севярынец нагадаў пра выступ прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Вільнюсе сёлета ў студзені.
“[Ён] сказаў, што ад цяпер Украіна поруч з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, з вольнымі беларусамі будзе змагацца за свабоду і незалежнасць Беларусі, — заявіў палітык. — А Украіна — гэта вельмі моцны, магутны саюзнік”.
“Зараз хто-ніхто кажа ўкраінцам і беларусам: “Вайна, змаганне — хопіць змагацца, усе стаміліся”. Сябры, гучна адкажыце, ці гатовыя вы, хто прыйшоў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, хто аддаў жыццё за Беларусь, ці гатовыя вы здацца? Ці баіцеся вы Лукашэнку? Ці баіцеся вы Пуціна?” — запытаўся ён ва ўдзельнікаў мітынгу, атрымаўшы ў адказ гучнае “Не!”
Удзельнікі акцыі падтрымалі яго заклік “змагацца, калі спатрэбіцца, усё жыццё дзеля волі роднай Беларусі”.
З натхняльнымі прамовамі на адрас беларусаў таксама выступілі літоўскія дэпутаты Жыгімантас Павілёніс, Томас Тамілінас ды Русланас Баранавас.
Пасля мітынгу удзельнікі мітынгу прайшлі па вуліцах Вільнюса да беларускай амбасады, ля якой месціцца мемарыял ахвярам рэпрэсій у Беларусі.

- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 31 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаНа фоне спробаў ЗША падштурхнуць Вільнюс да перамоваў з Мінскам на літоўска-беларускай мяжы расце міграцыйны ціскМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрасоб па крэдытах вырасла за год на 11,1% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаСхільныя да крэдытнай рызыкі актывы банкаў Беларусі павялічыліся за год на 10,3%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПраваабаронца Раман Кісляк абскардзіў паўторную адмову на прадастаўленне прытулку ў ГрузііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28–30 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


