Мінск 02:01

Севярынец: Дзень Волі, як пуцяводная зорка, абвяшчае, што воля ў беларусаў будзе

Фота: "Позірк"

25 сакавіка, Позірк. Акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка важна праводзіць у тым ліку за мяжой, бо “ў беларусаў волі пакуль няма”, заявіў журналістам у Вільнюсе адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, старшыня аргкамітэта па святкаванні 108-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, экс-палітвязень Павел Севярынец.

Палітык разам з некалькімі дзясяткамі беларусаў, што жывуць у літоўскай сталіцы, узяў удзел у акцыі непадалёк ад Сейма Літвы, падчас якой на дрэвы на Беларускай алеі былі павязаныя бел-чырвона-белыя стужачкі.

“Гэты дзень, як пуцяводная зорка, абвяшчае, што воля ў беларусаў будзе, — сказаў Севярынец. — Дзякуй богу, сёння сонечны дзень, Вільня, бел-чырвона-белыя сцягі. Павяжам бел-чырвона-белыя стужачкі на Беларускай алеі, [пасля] будзе аўта- і мотапрабег, потым наведаем могілкі, дзе спачываюць знакамітыя беларускія дзеячы”.

“А 18-й гадзіне цэнтральная акцыя — на Лукішскай плошчы, дзе быў забіты Кастусь Каліноўскі, правядзем мітынг. І адтуль шэсцем пройдзем да беларускай амбасады, каб правесці там Варту святла. Завершыцца Дзень Волі сёння набажэнствам у беларускай праваслаўнай царкве Канстанцінопальскага патрыярхату і канцэртам гурта “Дай Дарогу!”, — абазначыў план святкавання Дня Волі ў Вільнюсе старшыня аргкамітэта.

Разважаючы, чаму беларускія ўлады пагражаюць беларусам за ўдзел у святкаванні Дня Волі нават за мяжою, палітык канстатаваў, што “рэжым вельмі баіцца волі, баіцца бел-чырвона-белага сцяга, як чорт ладану”.

“Але тым, хто пагражае беларусам у Дзень Волі, трэба нагадаць, што мы — партызанскі народ. Яны кідаюць выклік цэламу народу. Трэба таксама сказаць, што тыя, хто фіксуе, ідэнтыфікуе — з кепскімі мэтамі — беларусаў, павінны ведаць: ёсць адмыслова навучаныя людзі, якія таксама фіксуюць і ідэнтыфікуюць іх саміх — і за мяжою, і ў Беларусі”, — дадаў ён.

Тое, што Аляксандр Лукашэнка ў Дзень Волі знаходзіцца ў КНДР, Севярынец назваў “знакам”. “Гэта курс, якім імкнецца сённяшні рэжым. І гэта іх канчатковы прыпынак — Паўночная Карэя. Яны хочуць, каб увесь беларускі народ паехаў туды. Але не, паедзе туды правадыр, а беларускі народ застанецца і ў рэшце будзе вольны”, — падкрэсліў палітык.

Падзяліцца: