Мінск 16:37

У Гродзенскім раёне беспрацоўных адправілі на ўборку тэрыторыі з мэтай “замацаваць адказнае стаўленне да працы”

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

22 сакавіка, Позірк. У Гродзенскім раёне прайшла “маштабная прафілактычная акцыя “Не ўпусці свой шанец!”, накіраваная на сацыялізацыю асоб, якія маюць праблемы з законам і часова не занятых у эканоміцы”, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Адзначаецца, што арганізатарам мерапрыемства стаў АУС Гродзенскага райвыканкама сумесна гродзенскім абласным клінічным цэнтрам “Псіхіятрыя-наркалогія”.

“На сустрэчу з праваахоўнікамі і спецыялістамі быў запрошаны 31 чалавек — гэта грамадзяне, якія знаходзяцца на розных відах уліку <…>. Галоўная мэта арганізатараў — не проста паўшчуваць, а даць рэальныя інструменты для вяртання да нармальнага жыцця”, — заяўляе УУС.

Перад прысутнымі, як паведамляецца, выступіў урач цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”, які закрануў “вострыя тэмы залежнасці і асацыяльных паводзінаў”.

“Прадстаўнікі службы занятасці ў сваю чаргу прадставілі актуальны спіс вакансій на прадпрыемствах Гродна і раёна, патлумачыўшы, на якую дзяржаўную падтрымку могуць разлічваць суіскальнікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Асаблівая ўвага” была нададзеная “прававой асвеце: удзельнікам патлумачылі іх абавязкі і правы згодна з законам “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.

“Але аднымі гутаркамі мерапрыемства не абмежавалася”, — заяўляецца ў рэлізе.

Каб “замацаваць адказнае стаўленне да працы”, удзельнікі мерапрыемства “выйшлі на ўборку грамадскіх тэрыторый”.

“Калектыўная праца на карысць раёна стала важным псіхалагічным этапам уцягвання ў жыццё грамадства”, — адзначылі ва УУС.

Падкрэсліваецца, што вынікам акцыі сталі “канкрэтныя прыклады працаўладкавання”. Удакладняецца, што працаўладкаваліся “некалькі ўдзельнікаў, якія раней лічыліся ў базе непрацуючых”.

У Беларусі ў 2025 годзе “дзякуючы комплекснаму падыходу колькасць не занятых у эканоміцы падуліковых зніжана больш чым у тры разы”. Такія даныя прывёў на калегіі МУС 30 студзеня першы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка.

Падзяліцца: