Мінск 15:33

У Гомельскім раёне знойдзеныя абломкі беспілотніка

Фота: "Маяк"

22 сакавіка, Позірк. Аб выяўленні абломкаў беспілотнага лятальнага апарата паведамляе гомельскае раённае выданне “Маяк”.

БПЛА самалётнага тыпу знойдзены памежным нарадам 20 сакавіка ў лясным масіве каля пасёлка Чаплін (Гомельскі раён), гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што мадэль беспілотніка “не ўстаноўленая”, “нумар вытворчасці праглядаецца”.

За 2025 год у Беларусі размінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў 18 сакавіка ў інтэрв’ю прэс-службе Унутраных войскаў (УВ) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы СТСТ Мікалай Карпянкоў.

Паводле яго слоў, сапёрныя падраздзяленні былі “добра дааснашчаныя” летась, яны маюць “усё самае асноўнае, перадавое, каб выконваць самыя складаныя задачы па размінаванні”. Намеснік міністра адзначыў, што задач “асабліва шмат” у Гомельскай вобласці — 12 чалавек узнагароджана баявымі ордэнамі і медалямі.

14 сакавіка рэгіянальнае медыя “Флагшток” паведаміла пра падзенне невядомага беспілотніка ля пасёлка Рассвет (Добрушскі раён Гомельскай вобласці). За дзень да гэтага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “ўчора ці заўчора” (11 або 12 сакавіка) жанчына атрымала раненні ад украінскага дрона, што ўпаў у Дрыбінскім раёне (Магілёўская вобласць) пасля таго, як быў выведзены з ладу расійскай устаноўкай РЭБ.

20 лютага камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч даў зразумець, што вайскоўцы рэгулярна выкарыстоўваюць авіяцыю і зенітныя ракетныя комплексы для знішчэння беспілотнікаў, якія залятаюць у Беларусь. “Па лічбах ужо нават сёлета ў нас зафіксаванае значнае парушэнне правілаў выкарыстання паветранай прасторы і з парушэннем дзяржаўнай мяжы, у тым ліку з баявым прымяненнем. Нашы дзяжурныя сілы прымянялі авіяцыю, мы прымянялі зенітныя ракетныя войскі для таго, каб знішчаць беспілотныя лятучыя апараты”, — заявіў тады военачальнік.

“Флагшток” паведамляў, што сама меней адзін расійскі беспілотнік быў збіты беларускімі вайскоўцамі над Гомелем 26 лютага. Агулам у лютым медыя зафіксавала не менш за чатыры выпадкі залёту ў паветраную прастору Беларусі дронаў, як мяркуецца, таксама расійскіх.

На сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцінам Моластавым ды іншымі сілавікамі 12 студзеня Лукашэнка прызнаў, што сістэма абароны прапускае чужыя БПЛА.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: