Мінск 13:17

Асуджанаму на 11 гадоў палітвязню Ціхану Осіпаву дадалі яшчэ 1,5 года пазбаўлення волі

Фота: сайт праваабарончага цэнтру "Вясна"

22 сакавіка, Позірк. Асуджанаму на 11 гадоў пазбаўлення волі 30-гадоваму палітвязню Ціхану Осіпаву дадалі яшчэ 1,5 года пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

12 сакавіка судом Мазырскага раёна (Гомельская вобласць) мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Пра крымінальную справу ў дачыненні да Осіпава стала вядома ў лютым 2026 года. Паведамлялася, што палітвязень мае праблемы са здароўем.

Гэта другі прысуд Осіпава паводле гэтага артыкула. У сакавіку 2022-га яго прыгаварылі дадаткова да сямі месяцаў зняволення.

Осіпава затрымалі 14 жніўня 2020 года, у траўні 2021-га асудзілі, прызнаўшы вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства ваенных (ч. 1 арт. 14 і арт. 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400).

Паводле версіі абвінавачання, у ноч на 11 жніўня 2020 года, “паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчанін прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках”. “Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, вадзіцель адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пецярых ваеннаслужачых унутраных войскаў. Наезд быў учынены на ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і бралі ўдзел у ахове грамадскага парадку”, — гаварылася ў матэрыялах следства.

Сцвярджалася, што Осіпаў уцёк з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме непадалёк ад месца злачынства, для стварэння алібі заявіў аб угоне машыны.

Падзяліцца: