Мінск 20:28

Пяты год запар 25 сакавіка ў Вашынгтоне абвяшчаецца Днём Волі Беларусі

Пракламацыя мэра Вашынгтона
Фота: крыніца "Позірку", фон: jannoon028 / unsplash.com, калаж: "Позірк"

21 сакавіка, Позірк. Пасля звароту Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) мэр сталіцы ЗША Мюрыэл Баўзэр абвясціла 25 сакавіка Днём Волі Беларусі — пяты год запар, паведаміў Позірку актывіст беларускай дыяспары (пажадаў застацца неназваным).

Як адзначана ў пракламацыі, мэр Вашынгтона прыняла такое рашэнне з ўлікам таго, што Дзень Волі “ўшаноўвае гістарычную дэкларацыю незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года”, “адзначае і захоўвае багатую гісторыю, мову і культурную спадчыну беларусаў у акрузе Калумбія і сярод беларускай дыяспары”, а таксама таго, што “яркія беларускія традыцыі і звычаі ўзбагачаюць жыццё горада і разнастайнасць супольнасці, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнага ладу Вашынгтона, акругі Калумбія”.

Абвяшчэннем 25 сакавіка Днём Волі горад ушаноўвае “мужнасць і стойкасць беларускага народа” і пацвярджае “агульную прыхільнасць да свабоды, справядлівасці і чалавечай годнасці для ўсіх”.

Суразмоўца “Позірку” адзначыў, што традыцыю святкавання Дня Волі ў ЗША распачалі напрыканцы 1940-х гадоў “беларускія эмігранты паваеннай хвалі”.

“Амерыканскія беларусы заўсёды бралі актыўны ўдзел у палітычным жыцці сваёй новай краіны, былі ўсталяваныя кантакты з палітыкамі розных узроўняў. Дзень Волі абвяшчаўся ў свой час мэрамі, губернатарамі і нават прэзідэнтамі ЗША. Гэтая традыцыя працягваецца і сёння”, — адзначыў актывіст беларускай дыяпары.

Паводле яго звестак, сёлета 25 сакавіка абвясцілі Днём Волі Беларусі таксама ўлады горада Філадэльфія (штат Пенсільванія). Сярод іншага на будынку мэрыі ў гэты дзень будзе вывешаны беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Падзяліцца: