Мінск 15:49

Лукашэнка не накіраваў войска ва Украіну праз страх, што вайскоўцы павернуцца супраць яго самога — Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: ostro.org

21 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ўжо ў вайне”, ён “зрабіў усё, каб дапамагчы [прэзідэнту Расіі Уладзіміру] Пуціну і нашкодзіць Украіне”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю “Еўрапейскай праўдзе”, апублікаваным увечары 20 сакавіка.

“Адзіная прычына, чаму Лукашэнка не накіраваў беларускае войска на вайну — страх, што войска павернецца супраць яго самога, — лічыць яна. — Я сапраўды не ўяўляю, што беларускія салдаты пагодзяцца ваяваць з украінскімі. <…> Яшчэ ў 2022 годзе Лукашэнка гэта разумеў. Прычына, чаму беларускае войска тады не далучылася да нападу — не добрая воля Лукашэнкі, а страх”.

“І тым больш ён не зробіць гэтага цяпер, калі сіла Украіны стала відавочнай, калі ўсе бачаць, што расіяне ўжо чатыры гады “бяруць Украіну за тры дні”. Цяпер накіраваць беларусаў на вайну за Расію будзе самагубствам для Лукашэнкі”, — дадала палітык.

Разам з тым яна прызнае, што “такая рызыка існуе”, бо тое, што адбываецца ў свеце паказвае — здараюцца “непрадказальныя падзеі”.

“Але я хачу яшчэ раз падкрэсліць: у тым, што гэтага не адбылося, няма заслугі Лукашэнкі. Ён бы з радасцю служыў Пуціну ўсім да апошняй шрубкі, да апошняга чалавека. Ён проста баіцца. А ў тым, што ён баіцца, маецца заслуга беларускага народа”, — канстатавала спікер.

На думку Ціханоўскай, адзінае, у чым Лукашэнка можа “праяўляць аўтаномнасць” — гэта рэпрэсіі, усё астатняе робіцца або сумесна з РФ, альбо пад расійскім кіраўніцтвам.

“Размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі і “Арэшніка” ўзмацніла кантроль Расіі над Беларуссю. Мы таксама бачым прыход расійскіх бізнесаў, ідуць размовы пра будаўніцтва другой расійскай АЭС, — сказала яна. — Усё гэта — засцерагальнікі, каб ускладніць вызваленне ад расійскай прысутнасці ў Беларусі. Пры гэтым наіўна думаць, што калі вывесці Беларусь з ізаляцыі, гэта неяк аддаліць Лукашэнку ад Пуціна. Ён не жадае аддаляцца. У іх сімбіятычнае сяброўства. Яны выкарыстоўваюць адзін аднаго, але яны і патрэбныя адзін аднаму”.

Беларусь можа стаць свабоднай, калі Украіна пераможа ў вайне, упэўненая Ціханоўская. Нельга сказаць, калі гэта адбудзецца, але цяпер задача беларусаў у тым, каб “дапамагаць Украіне, умацоўваючы сваю нацыю, умацоўваючы палітычныя дэмакратычныя структуры, аслабляючы рэжым Лукашэнкі”, сказала яна.

“Перамога Украіны — гэта не справа толькі Украіны, гэта адказнасць усіх, — мяркуе палітык. — Украіна цяпер гераічна стрымлівае расійскі ціск дзякуючы мужнасці ўкраінскіх салдат, мужнасці ўкраінскай нацыі. Але любое запаволенне дапамогі адкладае перамогу Украіны. Таму наша задача — дапамагаць. А адначасова — рыхтавацца да эпохі пасля Лукашэнкі, якая некалі надыдзе, бо дыктатары не несмяротныя”.

“Калі гэта адбудзецца, існуе два шляхі развіцця падзей для Беларусі. Альбо Расія ўмацуецца ў Беларусі, або мы, як нацыя, скарыстаемся гэтым момантам. І калі мы зможам ім скарыстацца, выбраць беларускую ўладу, і беларусы самі будуць вызначаць сваю будучыню, то я ўпэўненая, што мы вельмі хутка пройдзем працэс дэмакратызацыі і еўрапеізацыі”, — падкрэсліла Ціханоўская.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: