Зняцце санкцый ЗША з рэжыму Лукашэнкі — гэта “небяспечная сцежка”, лічыць Ціханоўская

21 сакавіка, Позірк. Беларускія дэмакратычныя сілы ўдзячныя адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа за “гуманітарную ініцыятыву”, заявіла Святлана Ціханоўская, каментуючы ў інтэрв’ю “Еўрапейскай праўдзе” нядаўняе памілаванне 250 палітвязняў, сярод якіх былі ў тым ліку асуджаныя за дапамогу Украіне.
“Больш за 900 палітзняволеных усё яшчэ застаецца за кратамі, сярод іх — сотні людзей, арыштаваных за падтрымку Украіны, і мы павінны змагацца за іх вызваленне. Усе мусяць выйсці на волю, — сказала яна. — Вядома, мы разумеем, што Лукашэнка вызваляе людзей не з гуманізму, а таму што яму трэба прызнанне і з прызнаннем Беларусі, і таму яму патрэбнае прызнанне і зняцце санкцый. Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі цяжкая, і ён хапаецца за Трампа як за саломінку”.
“Амерыканскі бок бачыць гэты працэс як гуманітарны, як вызваленне людзей. Лукашэнка бачыць яго зусім па-іншаму. Для яго гэта гандаль людзьмі, і, вядома ж, Лукашэнка выстаўляе сваю цану. Але я згодная, што зняцце амерыканскіх санкцый — гэта небяспечная сцежка. Напрыклад, ЗША знялі санкцыі з беларускіх банкаў, якія ўводзіліся для таго, каб Лукашэнка не мог дапамагаць [прэзідэнту РФ Уладзіміру] Пуціну ў вайне [супраць Украіны]”, — дадала палітык.
Цяпер робяцца спробы высветліць, “як будзе імплементаванае гэта зняцце санкцый”. Паводле слоў дэмлідара, “трэба забяспечыць, каб новая санкцыйная палітыка ЗША не стварыла Пуціну новую пралазу для абыходу санкцый супраць Расіі”.
“Мінулым разам гучна гучала, што ЗША знялі санкцыі на пастаўку запчастак для [беларускай авіякампаніі] “Белавія”, на практыцы ж абмежаванні засталіся: цяпер кожная пастаўка агаворваецца — напрыклад, ЗША выстаўляюць патрабаванне, што самалёт з абноўленымі дэталямі не будзе лётаць у Расію. Я, вядома, не веру, што Лукашэнка заўсёды будзе выконваць усе ўмовы — але і амерыканскі бок не наіўны, яны разумеюць, з кім маюць справу”, — патлумачыла яна.
Пры гэтым, на думку Ціханоўскай, еўрапейцам “няма ніякай неабходнасці <…> капіяваць палітыку Трампа”.
“Мы лічым, што еўрапейскія санкцыі павінны заставацца, яны самыя важныя для Беларусі, — падкрэсліла палітык. — Мы лічым эфектыўнай формулу, што амерыканскія санкцыі патрэбныя для вызвалення людзей, а еўрапейскія санкцыі патрэбныя, каб вызваліць краіну. Іх недапушчальна аслабляць, пакуль Беларусь не спыніць падтрымку вайны, пакуль не пачнуцца сістэмныя змены ў Беларусі. Таксама трэба разумець, што зняцце санкцый з Лукашэнкам дапамагае найперш Пуціну”.
Цяпер, адзначыла яна, актывізаваліся лабісты, якія “нашэптваюць” Еўропе, што тая павінна размаўляць з Лукашэнкам, бо “ЗША атрымліваюць палітычныя балы”, а Еўропа — не.
“На шчасце, пра зняцце еўрапейскіх санкцый цяпер і гаворка не ідзе. Іх толькі нядаўна падоўжылі; таксама мы мелі стратэгічныя кансультацыі з ЕС, я не бачу там ніякага апетыту да змены санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Лукашэнкі. Я вельмі ганаруся, што мы выбудавалі шчырыя, эфектыўныя стасункі з Еўрасаюзам і з Вялікабрытаніяй, гэтаксама як і з ЗША. Мы тлумачым ім, што цяпер не час, і там усё добра разумеюць”, — дадала яна.
Паводле слоў Ціханоўскай, калі рэжым у Мінску прапануе Еўропе вызваліць усіх палітзняволеных у абмен на зняцце еўрапейскіх санкцый, гэта “не спыніць рэпрэсіі”: “Учора Лукашэнка вызваліў 250 чалавек, але ў той жа дзень пасадзіў яшчэ восем жанчын. І нават калі ён вызваліць усіх 900 — на наступны дзень пасадзіць яшчэ 100, а пасля яшчэ 200. А санкцыі ўжо будуць знятыя. Без сістэмных зменаў будзе такая “круцёлка” на ўваходзе ў турму — адны выйшлі, іншыя зайшлі”.
Ціханоўская перакананая, што зняцце амерыканскіх санкцый з “Беларуськалія” не азначае, што адновяцца пастаўкі ўгнаенняў праз Літву. “Экспарт застаецца закрытым. Порты Літвы закрытыя, Латвія і Польшча таксама не гатовыя перагружаць беларускія калійныя ўгнаенні. І гэта яшчэ адзін прыклад, чаму еўрапейскія санкцыі значна мацнейшыя, чым ізаляваныя амерыканскія — бо ад зняцця толькі амерыканскіх санкцый для Лукашэнкі асаблівай выгады няма. Але, зноў жа, нам трэба глядзець, як гэта будзе. Гэта нам трэба паглядзець, як гэта будзе працаваць”, — сказала яна.
19 сакавіка па выніках чарговых перагавораў са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам Лукашэнка памілаваў 250 палітвязняў. 235 ён дазволіў застацца на радзіме, 15 было вывезена. Раней вывозілі ўсіх, каго вызвалялі ў рамках дамоўленасцяў з Вашынгтонам. Выключэннем стаў Мікалай Статкевіч, які змог выбрацца з аўтобуса на мяжы з Літвой і вярнуўся ў Беларусь. Нягледзячы на памілаванне, ён ізноў быў пазбаўлены волі і адпушчаны толькі пасля інсульту.
Пасля візіту амерыканскай дэлегацыі з’явілася інфармацыя, што ЗША знялі санкцыі “Белінвестбанка”, Банка развіцця і Міністэрства фінансаў, а таксама выключылі “з усіх санкцыйных спісаў” Беларускую калійную кампанію і “Беларуськалій”.
У інтэрв’ю Reuters (запісанае 19 сакавіка ў Літве, апублікаванае Deutsche Welle) Коўл заявіў, што вызваленне да канца 2026 года ўсіх палітвязняў прывядзе да зняцця большай часткі санкцый ЗША. Ён удакладніў, што гаворка пра абмежаванні, што былі ўведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі пасля падзей 2020 года, “калі людзей масава арыштоўвалі і саджалі ў турмы”.
“Калі людзей адпусцяць, тады не будзе прычын захоўваць гэтыя 80% санкцый. <…> Застаюцца яшчэ 20%, звязаных з іншымі пытаннямі. Але калі яны (улады. — “Позірк”.) пойдуць насустрач і мы вызвалім усіх гэтых людзей, усіх да аднаго, тады санкцыі будуць знятыя”, — сказаў Коўл.
Паводле яго слоў, “у гэтым дасягнутая дамоўленасць паміж ЗША і Беларуссю”, хаця “афіцыйна гэта яшчэ не зафіксавана”: “Мы працягваем працаваць над гэтым, але менавіта да гэтага мы рухаемся”.
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–20 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: Заходнія палітыкі часам забываюць, што дыктатары — прафесійныя ашуканцы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Лукашэнка заявіў пра кантроль спецслужбаў за экс-палітвязнямі, у АПК заклікалі гарантаваць іх правыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка



