Мінск 14:56

Польскі суд аштрафаваў таго, хто напаў на Латушку

20 сакавіка, Позірк. Абвінаваўчы прысуд у дачыненні да Яўгена Казанцава, які здзейсніў напад на кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушку ў ліпені мінулага года, вынес 5 сакавіка суд раёна Варшавы Сьродмесьце (Śródmieście), вынікае з паведамлення ў тэлеграм-канале палітыка.

Удакладняецца, што нападнік прызнаны вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Польшчы: ч. 1 арт. 212 (паклёп), ч. 1 арт. 217 (парушэнне фізічнай недатыкальнасці).

Суд вызначыў Казанцаву сукупнае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 150 дзённых ставак па 40 злотых кожная (6 тыс. злотых, або каля 1,6 тыс. долараў).

Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з асуджанага 4.365,7 злотых (больш за 1,1 тыс. долараў) у якасці судовых выдаткаў на карысць дзяржавы.

Напад на Латушку адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас урачыстага сходу ў дэпартаменце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. “Нападнік кінуў у мяне вядро і крычаў на ўсю залу, што я — “здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў”, паўтараючы ўчорашнюю хлусню [Аляксандра] Лукашэнкі. У гэты момант ён затрыманы паліцыяй. У апошнія дні я атрымліваў папярэджанні пра запланаваныя ў дачыненні да мяне правакацыі і пагрозы жыццю, у тым ліку сёння раніцай”, — паведаміў тады палітык.

Напад здзейсніў грамадзянін Беларусі Яўген Казанцаў, гісторык па адукацыі, які тады праходзіў навучанне ў межах праграмы маладых вучоных у Еўрапейскай школе ў Варшаве (Szkoła Europejska w Warszawie; SEW).

Свой учынак мужчына растлумачыў тым, што ў яго “скончылася віза”. Паводле Казанцава, ён “выгарыў і не змог абараніць навуковую працу”, а напад на Латушку дазволіць яму “свабодна вярнуцца ў Беларусь”.

14 ліпеня мінулага года стала вядома, што Казанцаў дэпартаваны з Польшчы.

Падзяліцца: