Мінск 16:28

У абмен на вызваленне ўсіх палітвязняў ЗША гатовы зняць 80% санкцый — Коўл

Дэлегацыю ЗША на чале з Джонам Коўлам сустракае старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель (Мінск, 19 сакавіка)
Фота: БелТА

20 сакавіка, Позірк. Вызваленне да канца года ўсіх палітвязняў прывядзе да зняцця 80% санкцый ЗША супраць Мінска, вынікае са слоў спецпрадстаўніка амерыканскага прэзідэнта па Беларусі Джона Коўла.

У інтэрв’ю Reuters (запісана 19 сакавіка ў Літве, апублікавана Deutsche Welle) ён адзначыў, што гаворка пра абмежаванні, якія былі ўведзены супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пасля падзей 2020 года, “калі людзей масава арыштоўвалі і саджалі ў турмы”.

“Калі людзей адпусцяць, тады не будзе прычын захоўваць гэтыя 80% санкцый. <…>; Застаюцца яшчэ 20%, звязаныя з іншымі пытаннямі. Але калі яны (улады. — “Позірк”.) пойдуць насустрач і мы вызвалім усіх гэтых людзей, усіх да аднаго, тады санкцыі будуць зняты”, — сказаў Коўл.

Паводле яго, “у гэтым дасягнута дамоўленасць паміж ЗША і Беларуссю”, хаця “афіцыйна гэта яшчэ не зафіксавана”: “Мы працягваем працаваць над гэтым, але менавіта да гэтага мы рухаемся”.

“Даволі напружаным пытаннем на перамовах у апошнія месяцы” прадстаўнік Дональда Трампа назваў “захаванне магчымасці для людзей заставацца ў роднай краіне”.

“Гэта людзі з адносна нязначнымі абвінавачаннямі, накшталт таго, што нехта сказаў нешта не тое і да таго падобнае, — дадаў ён. — Мы далі ім указанне на час вярнуцца дадому і паводзіць сябе спакойна, каб мы маглі дамагчыся вызвалення астатніх зняволеных, і яны на гэта пагадзіліся”.

Паводле слоў прадстаўніка Вашынгтона, падчас перамоў было ўзнята пытанне “пра новыя арышты па меры вызвалення людзей: гэта значыць мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштоўваюць яшчэ 10”: “Спадзяюся, нам удалося данесці да яго (Лукашэнкі. — “Позірк”.), што гэта недапушчальна”.

Коўл таксама паведаміў, што вызваленыя напярэдадні палітвязні не ведалі пра выхад на свабоду: “Гэта было вельмі эмацыйна для іх і для нас таксама, <…> мы далі ім тэлефоны, каб яны маглі патэлефанаваць сваім сем’ям, якія не ведалі, што іх вызваляюць”.

Лукашэнка “хоча быць сусветным гульцом, як і большасць кіраўнікоў дзяржаў”, заявіў спецпрадстаўнік: “Я казаў яму асабіста: калі ты хочаш быць сусветным гульцом, ты не можаш так паступаць. І, думаю, да яго даходзіць цяпер гэта”.

У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Коўлам 19 сакавіка ў Мінску Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталіся ў Беларусі, а 15 былі адпраўлены ў Літву.

Пра зняцце амерыканскіх санкцый з ААТ “Белінвестбанк”, ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” і Міністэрства фінансаў паведаміла па выніках перамоў прэс-служба Лукашэнкі.

Беларусь накіравала ЗША свае прапановы па “вялікай здзелцы”, заявіў Лукашэнка дзяржаўным СМІ 20 сакавіка.

Падзяліцца: