Мінск 12:28

У Магілёве ад выбуху петарды пацярпеў падлетак, ён шпіталізаваны

20 сакавіка, Позірк. Пра пацярпелага ў Магілёве ад выбуху петарды падлетка паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзначаецца, што падлетак 2013 года нараджэння шпіталізаваны з траўмамі ў абласную дзіцячую бальніцу.

“Як высветлілася, траўмы дзіця атрымала пры выкарыстанні самаробнай петарды ў двары шматпавярховага жылога дома на вуліцы Куцепава”, — гаворыцца ў паведамленні.

МНС звяртае ўвагу, што 3 студзеня 2025 года ўступіла ў сілу пастанова Савета міністраў №3 “Аб абароце піратэхнічных вырабаў”, якая ўводзіць забарону на раздробны і аптовы гандаль большасцю відаў піратэхнічных вырабаў. “Гэта тычыцца петард, салютаў, феерверкаў, ракет, рымскіх свечак і любой іншай выбуханебяспечнай піратэхнікі”, — удакладняе ведамства.

Забарона на піратэхніку з’яўляецца “вымушанай мерай”, заяўляе МНС, бо “ў апошнія гады значна ўзрасла колькасць траўмаў, асабліва сярод дзяцей і падлеткаў”.

У 2025 годзе ад вонкавых прычын загінула 110 дзяцей, паведаміла на прэс-канферэнцыі 17 лютага ў Мінску старшы пракурор Упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Аксана Кірэйчык.

Для параўнання: у 2024 годзе ад знешніх прычын загінула 126 дзяцей. Такім чынам, за год паказчык знізіўся на 12,7%.

Падзяліцца: