Мінск 21:07

АПК папярэдзіў пра фэйкавыя паведамленні нібыта ад арганізатараў форуму “Шлях да свабоды“

Ілюстрацыйнае фота: Andrew Keymaster / unsplash.com

18 сакавіка, Позірк. Пра рассылку беларусам у асабістых паведамленнях нібыта ад арганізатараў форуму рэгіянальнай бяспекі “Шлях да свабоды“ паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінет 18 сакавіка.

АПК з’яўляецца суарганізатарам мерапрыемства ў Кіеве 25 сакавіка.

Адзначаецца, што “зламысная рассылка змяшчае візуал, падобны на сапраўдны, але графічныя элементы размешчаны па-іншаму”. “Акрамя таго, тэкст змяшчае граматычныя памылкі. І самае галоўнае — паведамленні прыходзяць у асабістую перапіску ў “Тэлеграме” або ў сацсетках з прапановай адказаць на пытанне, будзеце ўдзельнічаць ці не. Пытанні прыходзяць з фэйкавых акканутаў, на аватарках якіх часта выкарыстоўваецца лагатып форуму“, — папярэджвае АПК.

“Аргкамітэт мае кантакты выключна праз публічныя паведамленні ад імя АПК Беларусі і аналітычнага цэнтра “Украінская прызма“, размешчаныя выключна на іх афіцыйных каналах“, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

АПК заклікае не рэагаваць на паведамленні ў прыват з невядомых акаўнтаў і не ўдзельнічаць ні ў якіх апытаннях.

“Невядомыя зламыснікі пераследуюць мэту збору персанальных звестак патэнцыйных удзельнікаў форуму”, — заявіла сябра аргкамітэта форуму, прадстаўнік АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.

Паводле яе сло, даныя патэнцыйных удзельнікаў абароненыя.

“Форум мае выключна важнае значэнне для развіцця стасункаў паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, таму і цікавасць да яго з боку адпаведных службаў рэжыму, як бачым, высокая“, — мяркуе Зазулінская.

Аб правядзенні згаданага мерапрыемства ў партнёрстве з аналітычным цэнтрам “Рада знешняй палітыкі “Украінская прызма “(Кіеў) і Міжнародным фондам “Адраджэнне” (Украіна) АПК паведаміў 14 сакавіка. Мерапрыемства будзе прысвечанае “ключавым аспектам беларускай вызваленчай барацьбы, пагрозам з боку рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі, а таксама пытанням супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з Украінай і еўрапейскімі партнёрамі”.

Да ўдзелу запрошаныя ўкраінскія і заходнія эксперты, беларускія палітычныя дзеячы і добраахвотнікі, якія абараняюць Украіну ад расійскай агрэсіі.

Падзяліцца: