Мінск 15:57

Еўракамісія лічыць непрымальнымі і неабгрунтаванымі дзеянні Беларусі ў дачыненні да літоўскіх фур — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: ДМК

18 сакавіка, Позірк. Дзеянні беларускіх уладаў, праз якія ў краіне захрасла тэхніка літоўскіх ды іншых перавозчыкаў з краін Еўрасаюза, з’яўляюцца непрымальнымі і неабгрунтаванымі, паведамляе LRT, спасылаючыся на адказ Еўрапейскай камісіі, які атрымала Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў LINAVA (на сайце арганізацыі не апублікаваны).

Паводле інфармацыі медыя, пытанне затрымання грузавікоў, як заявіла Еўракамісія, “разглядаецца на найвышэйшым узроўні ЕС і ўжо вынесенае на міжнародны парадак дня”.

Адзначаецца, што “затрыманне транспартных сродкаў не мае абгрунтаванай прававой асновы, а Беларусь мае неадкладна стварыць умовы для іх вяртання законным уладальнікам”.

Прэзідэнт LINAVA Эрландас Мікенас назваў сітуацыю з грузавікамі “фактычнай замарозкай маёмасці літоўскіх кампаній”. “Гаворка ідзе пра рэальныя шматмільённыя страты і прэцэдэнт, які нясе пагрозу для ўсіх еўрапейскіх перавозчыкаў”, — канстатаваў ён.

17 сакавіка прадстаўнікі ўрада Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі сустрэліся з прадстаўнікамі літоўскіх і польскіх аўтаперавозчыкаў. Было заяўлена, што падставай для перагавораў стала “сітуацыя, што цяпер склалася, у якой апынуўся бізнес сумежных краін праз пазіцыю літоўскіх уладаў”.

Адкрываючы сустрэчу, прэм’ер заявіў, што “нягледзячы на ​​магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, беларускі бок дакладна не мае намераў і жадання гэтым скарыстацца”. “Нашае жаданне — канструктыўна дамовіцца і выйсці з сітуацыі”, — сцвярджае чыноўнік.

Па выніках сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта сказаў, што беларускі бок прыме рашэнне па фурах з літоўскай рэгістрацыяй і “паведаміць партнёрам з Літвы і Польшчы”.

2 сакавіка LINAVA накіравала афіцыйны зварот у Еўракамісію наконт затрыманых у Беларусі транспартных сродкаў літоўскіх і іншых перавозчыкаў з Еўрасаюза, а таксама наконт значнай маёмаснай шкоды, нанесенай гэтымі дзеяннямі.

У звароце адзначалася, што, паводле сабраных асацыяцыяй даных, на тэрыторыі Беларусі затрымана не менш за 1.071 транспартны сродак, які належыць як мінімум 149 літоўскім транспартным кампаніям. З іх 496 — грузавыя цягачы, 575 — паўпрычэпы ды іншая транспартная тэхніка. Агульны ідэнтыфікаваны кошт затрыманай маёмасці складае 15 млн 907,02 тыс. еўра.

Пры гэтым “дадаткова шэсць кампаній” папярэдне паведамілі, што ў Беларусі можа быць затрымана яшчэ каля 400 транспартных сродкаў. Калі гэтыя звесткі пацвердзяцца, агульная колькасць патэнцыйна затрыманых транспартных сродкаў можа скласці 1.472, а іх кошт — 21 млн 922,02 тыс. еўра, адзначалася ў звароце.

Паводле звестак LINAVA, “беларускія органы выстаўляюць дадатковыя фінансавыя патрабаванні — да 120 еўра за кожны транспартны сродак за дзень, а таксама згадваецца пра магчымую канфіскацыю транспартных сродкаў праз чатыры месяцы”. Такая сітуацыя “выклікае сур’ёзныя сумневы ў дачыненні да прапарцыйнасці, абароны законных чаканняў і забеспячэння права ўласнасці”.

Напрыканцы кастрычніка 2025 года Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. Паведамлялася, што ў Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перагаворы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні.

Падзяліцца: