Мінск 10:14

Ад пачатку года ў Беларусі здарылася больш за 2 тыс. пажараў, у якіх загінула 225 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

18 сакавіка, Позірк. З 1 студзеня па ранак 18 сакавіка 2026 года ў Беларусі здарылася 2.009 пажараў — на 24,8% больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У выніку пажараў загінула 225 чалавек (+28,6% у гадавым вымярэнні; было 175), траўмавана — 174 (+72,3%; 101), выратавана — 178 (+76,2%; 101), эвакуявана — 2.134 (рост у 2,05 раза; 1.042).

За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 17 сакавіка да 6:00 18 сакавіка) у Беларусі ад агню загінула тры чалавекі — у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці (загарэлася адзенне), Барысаве (Мінская вобласць; дэталі здарэння невядомыя) і Магілёве (пажар у інтэрнаце, спатрэбілася эвакуяваць 18 чалавек, у тым ліку дзіця).

5 сакавіка намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзяніс Жукоўскі заяўляў, што рост колькасці пажараў і загінулых ад іх людзей звязаны з “анамальна нізкімі тэмпературамі, якія рэгістраваліся ў студзені і на пачатку лютага”.

Падзяліцца: