Мінск 01:38

Марына Адамовіч вызвалена пасля чатырох гадзін у міліцыі

Марына Адамовіч
Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

17 сакавіка, Позірк. Жонку былога палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча Марыну Адамовіч чатыры гадзіны пратрымалі ў міліцыі.

Як адзначаецца ў телеграм-канале палітыка, жанчына знаходзіцца дома пасля праведзенага часу ў Ленінскім РУУС сталіцы, яе “не дапытвалі, а проста ўтрымлівалі”.

Пра затрыманне Адамовіч стала вядома ўдзень 17 сакавіка.

Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля з Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 зняволены былі вызвалены ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.

Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Да лістапада яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя.

У канцы лістапада праваабаронцы паведамілі, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, згодна з якім палітзняволены “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было названа.

19 лютага Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту.

20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне пра вызваленне Статкевіча “па просьбе сваякоў”.

Падзяліцца: