Мінск 23:19

Віцэ-прэм’ер Шулейка заявіў пра заканчэнне “паўзы” ў эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Грузіі

17 сакавіка, Позірк. Пра заканчэнне шасцігадовай “паўзы” ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва з Грузіяй заявіў на сёмым пасяджэнні міжурадавай Беларуска-Грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў Тбілісі беларускі віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка.

“Шэсць гадоў таму ў Мінску адбылося шостае пасяджэнне Камісіі, па выніках якога былі намечаны перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Аднак пэўныя аб’ектыўныя абставіны ўнеслі свае карэктывы, па сутнасці, паставілі нашу сумесную працу на паўзу, — адзначыў ён. — Разлічваю, што сённяшняе пасяджэнне паслужыць не толькі імпульсам, але і дзейсным інструментам для рэалізацыі пастаўленых задач і пашырэння міжведамасных кантактаў” (цытата з тэлеграм-канала ўрада Беларусі).

Паводле слоў чыноўніка, з 2020 года тавараабарот паміж Беларуссю і Грузіяй павялічыўся больш чым на 70%, а абарот паслуг — у 2,7 раза.

Асобна ён адзначыў “наяўнасць станоўчай дынамікі ў сферы сельскай гаспадаркі”. У прыватнасці, у 2025 годзе адноўлены пастаўкі з Беларусі ў Грузію буйной рагатай жывёлы мясных парод, рэалізаваны першыя пастаўкі насеннага фонду розных сельскагаспадарчых культур для правядзення палявых работ на тэрыторыі Грузіі.

Таксама прапрацоўваецца стварэнне “Грузінска-Беларускага аградома”, у якім грузінскія сельгасвытворцы змогуць набыць племянную жывёлу, насенне, угнаенні, абсталяванне.

“З года ў год расце колькасць крам беларускіх прадуктаў [у Грузіі]. Толькі ў мінулым годзе адкрыта восем новых гандлёвых кропак”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Паводле яго слоў, “Беларусь уваходзіць у топ-10 краін паводле колькасці турыстаў, якія наведваюць Грузію”: “Паводле вынікаў 2025 года беларускія турысты занялі сёмае месца, забяспечыўшы паток больш за 150 тыс. [чалавек], што сведчыць пра рост папулярнасці грузінскага напрамку”.

Пры гэтым, як лічыць чыноўнік, беларускі бок “таксама можа прапанаваць грузінам запатрабаваныя якасныя паслугі санаторна-курортнага лячэння, экалагічнага і культурна-гістарычнага турызму”.

16 сакавіка Шулейка абмеркаваў стасункі паміж Мінскам і Тбілісі, а таксама “перспектывы далейшага супрацоўніцтва” з кіраўніком грузінскага ўрада Іракліем Кабахідзэ.

Паводле інфармацыі прэс-службы Кабінета міністраў Грузіі, падчас перамоў былі разгледжаны “актуальныя пытанні двухбаковага партнёрства, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы”.

“Падкрэслена роля Грузіі як бяспечнай краіны з пункту гледжання стварэння стабільнага, прадказальнага і спрыяльнага для інвестараў асяроддзя”, — сказана ў рэлізе.

Суразмоўцы звярнулі ўвагу на “станоўчую дынаміку ў сферы турызму і растучую колькасць беларускіх турыстаў, якія наведваюць Грузію”.

Грузія стала адной з асноўных краін, куды эмігравалі беларусы, якія асцерагаліся рэпрэсій на радзіме пасля няўдалых масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020.

Паводле даных МУС Грузіі, на 1 студзеня 2025 года ў краіне пражывала 12.808 імігрантаў з беларускім грамадзянствам. За папярэднія чатыры гады ў Грузію ўехала 20.952 беларусы (11.005 мужчын, 9.947 жанчын), выехала — 8.144 (4.406, 3.738).

Улады краіны, якой кіруе партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, не задаволілі ніводнага хадайніцтва беларускіх грамадзян пра наданне прытулку. Аднак яны могуць бесперапынна знаходзіцца ў краіне цягам года. Пасля гэтага, каб абнуліць тэрмін, неабходна выехаць на любы перыяд часу. Назад пускаюць не ўсіх. У зоне рызыкі перш за ўсё тыя, хто праяўляе публічную палітычную актыўнасць.

7 лютага дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на слуханнях у Каардынацыйным савеце прызнала складанае становішча беларускіх бежанцаў у Грузіі — улады краіны не будуць надаваць ім міжнародную абарону, выдаваць замест пратэрмінаваных пашпартоў іншыя дакументы.

Падзяліцца: