Мінск 23:20

Прадстаўнік МЗС абвінаваціў Вільнюс у нежаданні палітычных кантактаў

Ілюстратыўнае фота: tochka.by

17 сакавіка, Позірк. З абвінавачаннем у бок афіцыйнага Вільнюса ў тым, што той разглядае любыя кантакты з Мінскам на палітычным узроўні “як сваю ўласную паразу”, выступіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта 17 сакавіка па выніках сустрэчы прадстаўнікоў урада з дэлегацыяй перавозчыкаў з Літвы і Польшчы.

Паводле чыноўніка, якога цытуе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства, Беларусь “ад самага пачатку сітуацыі, якая ўзнікла чатыры месяцы таму, прадпрымала масу спроб вырашыць гэтую праблему палітыка-дыпламатычнымі спосабамі”, выйсці на сувязь з літоўскім бокам, “прычым не толькі па лініі Мінск — Вільнюс, але таксама падчас знаходжання на міжнародных пляцоўках”.

“Калі ёсць праблема на мяжы, яе трэба вырашаць, і суседзям з гэтым справіцца, напэўна, наўпрост лепш за ўсё, — сказаў ён. — Больш за тое, я тут раскрыю некаторыя дэталі: нават трэція краіны прапаноўвалі свае пасрэдніцкія паслугі. Але адказ наш быў такі: мы ж не ваюем, мы не разарвалі дыпстасункі, у нас ёсць агульная мяжа, якая павінна функцыянаваць нармальна”.

Сакрэта таксама раскрытыкаваў Літву за закрыццё мяжы, заявіўшы, што “гэта складанейшы палітычны і інфраструктурны механізм, які не працуе як прыватная лавачка: “хачу — адкрыю, хачу — закрыю”

“Калі мы дамовіліся і заключылі пагадненне, то [ў рэжыме] 24/7 павінна забяспечвацца прапускная здольнасць, павінен забяспечвацца належны рэжым аховы мяжы і, самае галоўнае, — незалежна ад таго, якая сітуацыя ў нас, — у нашых сталіцах павінны падтрымлівацца нармальныя працоўныя кантакты, якія спрыяюць таму, што бяспечна перасякаць мяжу могуць не толькі грамадзяне дзвюх краін, але і грамадзяне трэціх краін”, — адзначыў чыноўнік.

Прадстаўнік МЗС лічыць, што “пацярпелымі тут выступаюць не толькі прысутныя палякі і літоўцы”, але і “грамадзяне многіх іншых краін, якія перавозілі грузы, дастаўлялі грузы, карысталіся гэтай мяжой і разлічвалі на тое, што яны заўсёды змогуць бяспечна праехаць праз тэрыторыю Беларусі і Літвы”.

Паводле сцвярджэння Сакрэты, Мінск не канфіскуе грузавікі, бо “выстройвае адносіны <…> з суседзямі ў доўгую”.

“Мы не кан’юнктуршчыкі, мы дзясяткамі гадоў жылі, зараблялі, вельмі добрыя адносіны падтрымлівалі, — дадаў прадстаўнік ведамства. — І дзеля нейкай маментальнай кан’юнктуры, толькі таму, што ў Літве цяпер такі ўрад, які незгаворлівы, які не ідзе на кантакт, мы не хочам губляць самае каштоўнае — гэтыя бясцэнныя капіляры чалавечых кантактаў, сувязяў, бізнесу”.

Згодна з апублікаванымі прэс-службай урада відэа, неназваныя прадстаўнікі польскіх і літоўскіх перавозчыкаў, адказваючы на пытанні прысутных дзяржаўных СМІ, у кампліментарнай форме падзякавалі беларускім уладам за запрашэнне і перамовы.

Гаворачы пра тое, што беларуская бок прадпрымаў спробы звязацца з Літвой і па пытаннях бяспекі, праваахоўных органаў і “абрыдлых ужо ўсім паветраных шароў, якімі кантрабанда цыгарэт дастаўляецца”, Сакрэта заявіў, што часта “ў кантрабандзе цыгарэт і алкаголю ўдзельнічаюць былыя прадстаўнікі памежных ведамстваў Літоўскай Рэспублікі або праваахоўнікі”, а сярод затрыманых за кантрабанду чыноўнік “не ўбачыў ніводнага беларуса ні ў Польшчы, ні ў Літве”.

На думку прадстаўніка МЗС, гаворка “ідзе пра транснацыянальную злачыннасць”.

“У нас адрозніваецца вызначэнне паняцця таго, што адбываецца сёння на мяжы. Літоўскаму боку па нейкай прычыне выгадна лічыць гэта гібрыдная пагроза, бо за пагрозу добра, шчодра плацяць у Еўропе. Гэта шакуе, гэта ўсіх уражвае і не патрабуе дадатковых дыскусій”, — сказаў чыноўнік.

Паводле Сакрэты, “змагацца з гэтым можна” звычайным, стандартным спосабам, калі мытня, памежнікі, праваахоўнікі, спецыяльныя службы “размаўляюць адзін з адным, інфармуюць пра каналы, абменьваюцца аператыўнай інфармацыяй”. Пры гэтым прадстаўнік МЗС адзначыў, што тэхнічныя кантакты не спыняліся ні з Польшчай, ні з Літвой на ўзроўні прадстаўнікоў памежных атрадаў, аднак гэтага недастаткова для вырашэння праблем.

Падзяліцца: