Мінск 21:58

Затрымана Марына Адамовіч

Марына Адамовіч
Архіўнае фота: "Белсат"

17 сакавіка, Позірк. Затрымана жонка былога палітвязня Мікалая Статкевіча — Марына Адамовіч, паведамляецца ў тэлеграм-канале палітыка.

Удакладняецца, што Адамовіч затрымалі каля ўласнага дома.

Паводле інфармацыі Статкевіча, падставай названа тое, што ў яе “хочуць узяць <…>тлумачэнні аб атрыманні праваабарончай прэміі Homo Homini ў Празе” замест яго.

“Чакалі каля дома. Адзін назваўся следчым Казловым. Пакуль інфармацыі няма”, — напісаў палітык.

Згаданую прэмію для Статкевіча за “нязломную мужнасць і выключны ўнёсак у дэмакратычны рух у Беларусі” Адамовіч прыняла на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět 11 сакавіка.

Яе штогод прысуджае чэшская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцей. Узнагарода ўручаецца з 1994 года.

Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля з Гомельскага абласнога суда прысудзіў палітыку 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 зняволены былі вызвалены ў рамках дамоўленасці паміж адміністрацыяй Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі.

Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых вывезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Да лістапада яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя.

У канцы лістапада праваабаронцы паведамілі, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, згодна з якім палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было названа.

19 лютага Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту.

20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне пра вызваленне Статкевіча “па просьбе сваякоў”.

Падзяліцца: