Мінск 15:33

Банкі не маюць права не абслугоўваць беларусаў толькі на падставе грамадзянства — Камісія па фіннаглядзе Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

17 сакавіка, Позірк. Банкі не маюць права не абслугоўваць беларусаў толькі на падставе грамадзянства, вынікае з заявы Камісіі па фінансавым наглядзе Польшчы (UKNF) у адказ на ліст намесніка ўпаўнаважанага па грамадзянскіх правах Войцэха Бжазоўскага.

Намеснік упаўнаважанага звяртаў увагу на тое, што грамадзяне Беларусі, якія чакаюць рашэння па міжнароднай абароне, не могуць адкрыць рахунак у польскіх банках.

UKNF прызнала наяўнасць праблемы і падкрэсліла, што банкі не маюць права адмаўляцца абслугоўваць грамадзян дзяржаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЕС, толькі на падставе грамадзянства. Кожнае рашэнне, якое тычыцца такога кліента, мае грунтавацца на індывідуальным аналізе, адзначыла камісія.

Пры гэтым UKNF сцвярджае, што раней не валодала інфармацыяй пра праблему з дакументамі аб працаўладкаванні для асоб, якія чакаюць рашэнне па міжнароднай абароне.

Адзначаецца, што камісія праводзіць паглыблены аналіз сітуацыі з грамадзянамі Беларусі ў плане праблем з банкамі і прыкладае ўсе намаганні, каб пытанне было вырашанае. Напрыклад, як заяўлена, у чэрвені 2025 года UKNF разаслала ліст, паводле якога банкі маюць прымаць часовае пасведчанне асобы замежніка ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу. Аднак, канстатавала UKNF, не ўсе банкі так робяць, таму камісія прапанавала ім змяніць унутраныя правілы.

9 снежня 2025 года стала вядома, што PKO Bank Polski просіць прад’явіць дзейныя дазволы на жыхарства (ДНЖ) у Польшчы тых, хто адкрыў рахункі 24 кастрычніка 2025 года і пазней.

Банк паведаміў, што ў адваротным выпадку з 11 снежня магчымае блакаванне карт, анлайн-сэрвісаў IKO / iPKO / iPKO Biznes, BLIK. Пры гэтым было заяўлена, што абслугоўванне ў аддзяленнях банка па-ранейшаму будзе здзяйсняцца.

Для астатніх кліентаў ніякіх зменаў не было прадугледжана.

Карты, адкрытыя 24 кастрычніка 2025 года і пазней, меліся быць заблакаваныя на падставе новых уведзеных санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, а менавіта ў сувязі з новымі прававымі палажэннямі, якія набылі моц у той дзень.

Пра падрыхтоўку ў Польшчы законапраекта, які прадугледжвае наданне праязному дакументу замежніка “афіцыйнага статусу пасведчання асобы”, паведамлялася ў ліпені 2025 года.

На кастрычнік 2025 года ў польскай дзяржаве было легалізавана сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі, паведаміла юрыст Алеся Пажыток, якая спецыялізуецца на міграцыйным праве.

Паводле яе слоў, гэтыя звесткі не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння пра наданне міжнароднай абароны.

Пажыток адзначыла, што ў 2021 годзе Польшча ўхваліла 100% заявак беларусаў на наданне міжнароднай абароны, 2022-м — 99%, 2023-м — 98%, 2024-м — 94%, ад пачатку 2025-га — 93%.

Падзяліцца: