Мінск 18:26

Кіраўнік МЗС Ганы паведаміў аб планах супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы абароны і кібербяспекі

16 сакавіка, Позірк. “Шчырую падзяку” за візіт міністру замежных спраў Беларусі Максіму Рыжанкову выказаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” 15 сакавіка кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Ганы Самуэль Акудзета Аблаква.

“Гана і Беларусь шануюць нашы трывалыя адносіны, і мы маем намер пашыраць супрацоўніцтва, асабліва ў сферы механізацыі сельскай гаспадаркі і вытворчасці трактароў, каб падтрымаць ініцыятыву прэзідэнта Джона Драмані Махамы “Накарміць Гану”, — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, Гана і Беларусь “таксама дамовіліся пачаць перамовы аб пагадненні аб узаемнай адмене віз, супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, а таксама ўзаемадзеянні ў галіне абароны і кібербяспекі”.

Рыжанкоў і Аблаква сустракаліся ў Гане 4 сакавіка. У той дзень, як паведамляў беларускі МЗС, яны абмеркавалі маючы адбыцца візіт у Беларусь прэзідэнта Ганы. Таксама абмяркоўваўся “пакет міжнародных дакументаў, якія плануюцца да падпісання”, у тым ліку пагадненні аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах, аб механізацыі сельскай гаспадаркі, аб экспартных крэдытах, аб стварэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і інш.

Паведамлялася, што “міністры пацвердзілі намер развіваць узаемадзеянне ў палітычнай сферы, сельскай гаспадарцы і супрацьдзеянні тэрарызму”, імі таксама была “адзначана важнасць сумесных адукацыйных праграм”.

Такім чынам, ганскі міністр у сваёй публікацыі не адзначыў, што запланаваны бязвіз закране толькі ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў.

Пра тое, што Беларусь зацікаўлена ў “пашырэнні двухбаковых кантактаў” з Ганай, “развіцці супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, прамысловай кааперацыі, нафтахіміі і іншых галінах узаемнай цікавасці”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 6 сакавіка Джона Драмані Махаму і народ афрыканскай краіны з Днём незалежнасці.

Беларусь і Гана ўстанавілі дыпламатычныя адносіны 5 чэрвеня 1992 года.

Двухбаковы тавараабарот у 2021 годзе, паводле даных знешнепалітычнага ведамства, склаў усяго 10,6 млн долараў (беларускі экспарт — 3,3 млн, ганскія пастаўкі — 7,3 млн). Актуальнай інфармацыі ў адкрытым доступе няма.

Краіны супастаўныя па плошчы (Беларусь — 207,6 тыс. км2, Гана — 238,5 тыс. км2), але істотна адрозніваюцца па колькасці насельніцтва (9,1 млн супраць 35,7 млн адпаведна). Даныя Міжнароднага валютнага фонду сведчаць, што Беларусь фактычна ў той жа прапорцыі апярэджвае Гану па ВУП на душу насельніцтва ў бягучых цэнах (35,34 тыс. долараў супраць 8,81 тыс.). Намінальны ВУП абедзвюх краін прыкладна аднолькавы.

Падзяліцца: