Мінск 17:30

Рассельгаснагляд не прапусціў у Беларусь чарговую партыю “падкаранціннай прадукцыі”

Фота: Рассельгаснагляд

16 сакавіка, Позірк. Пра “спыненне чарговай спробы незаконнага экспарту падкаранціннай прадукцыі” з Расіі ў Беларусь паведаміла 16 сакавіка Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд).

Адзначаецца, што супрацоўнікі ведамства 11 сакавіка спынілі паблізу расійска-беларускай мяжы дзве грузавыя аўтамашыны, якія перавозілі плодаагароднінную прадукцыю вагой больш за 17 тон.

“Пад кіраваннем грамадзян Рэспублікі Беларусь садавіна і гародніна накіроўваліся з аптовага склада Маскоўскай вобласці на адрас беларускіх атрымальнікаў Мінскай і Брэсцкай абласцей без фітасанітарных сертыфікатаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Пасля <…> экспертызы гэтай прадукцыі, вынікі якой паказалі адсутнасць каранцінных арганізмаў, 13 сакавіка 2026 года груз вернуты са Смаленскай вобласці да месца адгрузкі. Перавозчыкі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнне ў адпаведнасці з арт. 10.2 КаАП РФ”, — адзначылі ў ведамстве.

11 сакавіка Рассельгаснагляд паведаміў, што вярнуў у Маскву каля 6 т свежай капусты. 10 сакавіка ведамства справаздачылася, што не дазволіла грамадзяніну Беларусі даставіць у Мінск набытыя ў Маскве каля чатырох тон сухафруктаў і арэхаў.

Ва ўсіх выпадках прычынай стала адсутнасць фітасанітарных сертыфікатаў, грузы пасля экспертызы былі вернутыя адпраўнікам, а беларусы — прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Падзяліцца: