Мінск 15:44

Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў еўрапейскіх калег адмовіцца ад перагляду санкцый у дачыненні да Беларусі і РФ

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Архіўнае відэа: медыяцэнтр Савета ЕС / стоп-кадр: "Позірк"

16 сакавіка, Позірк. Еўрапейскі саюз “не мусіць зрабіць стратэгічную памылку і пераглядаць санкцыі супраць Расіі і Беларусі дзеля кароткатэрміновага зніжэння цэн на нафту”. Такую думку выказаў журналістам міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 16 сакавіка перад пачаткам пасяджэння Савета ЕС па замежных справах.

Паводле яго слоў, такое рашэнне стала б “велізарнай стратэгічнай памылкай у сярэдне-і доўгатэрміновай перспектыве”. “Мы мусім працягваць падтрымліваць Украіну”, — дадаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Чыноўнік канстатаваў, што “няма нічога больш дарагога, чым танная расійская нафта”: “Гэта можа прывесці да страты палітычнай аўтаноміі [Еўрасаюза], карупцыі, палітычнага ўмяшання [Расіі ў справы ЕС]”. Будрыс заклікаў разам з краінамі Персідскага заліва шукаць іншыя шляхі вырашэння праблемы высокіх коштаў на нафту.

Заяве кіраўніка МЗС Літвы папярэднічала абвешчанае прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам часовае паслабленне санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да расійскай нафты і нафтапрадуктаў на фоне росту цаны на нафту праз ваенныя дзеянні на Блізкім Усходзе.

На парадку дня пасяджэння Савета ЕС па замежных справах у Бруселі пытанні расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, сітуацыі на Блізкім Усходзе, супрацы з паўднёвымі суседзямі ЕС ды інш.

26 лютага стала вядома, што Савет ЕС працягнуў санкцыі ў дачыненні да Беларусі на чарговы год.

Падзяліцца: