Мінск 14:17

Рознічны тавараабарот у студзені — лютым павялічыўся на 1,6%, годам раней рост складаў 10%

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

16 сакавіка, Позірк. У студзені — лютым 2026 года рознічны тавараабарот склаў 15,6 млрд рублёў, павялічыўшыся на 1,6% у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду 2025-га (тады рост складаў 10%), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені рост быў на ўзроўні 1,2%.

Тавараабарот у сферы грамадскага харчавання за два месяцы знізіўся ў гадавым выражэнні на 3,4% (месяцам раней — -3,1%) — да 1,1 млрд рублёў.

Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю, на які прыпала 95,8% (за месяц доля не змянілася) усяго рознічнага тавараабароту, вырас на 1,9% да 15 млрд рублёў (+1,5%).

Аптовы тавараабарот знізіўся на 7% да 25,7 млрд рублёў (-9,2%).

Спажывецкія цэны ў лютым 2026 года выраслі на 0,6%, ад пачатку года — на 1%.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не мае перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не мусілі вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце 0,5%), у лютым (з нарастальным вынікам) — не больш за 2% (1%).

Далей: сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год цэны не меліся вырасці больш як на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Тэндэнцыю інфляцыі, якая ўсё расце, “неабходна пераламаць”, заявіў Лукашэнка 9 верасня 2025 года ў Мінску на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, паводле вынікаў штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: