Мінск 11:57

ЗША маюць рычагі ўплыву для вызвалення палітвязняў — Ціханоўская

Архіўнае фота: прэс-служба АПК

16 сакавіка, Позірк. Пра высокую ацэнку намаганняў па вызваленні беларускіх палітычных вязняў, якія робяць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і яго спецыяльны пасланнік па Беларусі Джон Коўл, заявіла 16 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Як я ўжо казала, Злучаныя Штаты маюць рычагі ўплыву, каб дапамагчы гэтаму здзейсніцца. Гаворка ідзе пра выратаванне жыццяў людзей. Кожны дзень мае значэнне”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Пра тое, што Беларусь вядзе з ЗША перагаворы на розныя тэмы, “пачынаючы ад аднаўлення нармальнай працы амбасады да вызвалення так званых палітавязняў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 13 сакавіка Магілёўскую вобласць. “Хоць у нас такіх (палітычных. — “Позірк”.) артыкулаў няма”, — у чарговы раз сказаў ён.

10 сакавіка літоўскі партал Delfi са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што Коўл прыбудзе ў Вільнюс 18 сакавіка, пасля чаго накіруецца ў Мінск.

Як правіла, візіты прадстаўнікоў адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа суправаджаюцца вызваленнем часткі палітвязняў па выніках перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам. У абмен магчымае зняццё санкцый, як гэта ўжо адбылося з “Белавія” і “Беларуськаліем”.

12 лютага 2025 года ў выніку перагавораў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і высланыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перагаворы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера і палітычнага актывіста Сяргея Ціханоўскага — мужа беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі 11 верасня. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны (адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, вярнуўся на беларускую тэрыторыю і быў вернуты за краты; выйшаў на волю ў лютым 2026-га пасля перанесенага інсульту).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцей паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. Большасць павезлі ва Украіну, адкуль многія перабраліся ў Польшчу, Літву, Германію ды інш.

Кіраўнік Белага дома ўжо тройчы заяўляў пра неабходнасць вызваліць усіх “закладнікаў”, як ён называе палітвязняў.

Падзяліцца: