Мінск 13:50

За два месяцы 2026 года найбольш падаражэлі кветкі, цыгарэты і камп’ютарныя курсы

Ілюстрацыя: "Позірк"

15 сакавіка, Позірк. Жывыя зрэзаныя кветкі, айчынныя цыгарэты і кампутарныя курсы найбольш падаражэлі сярод несезонных тавараў за першыя два месяцы 2026 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак Белстата.

Цэны на кветкі выраслі на 10,87%, цыгарэты — на 9,21%, кошт кампутарных курсаў павялічыўся на 9,06% пры агульным росце спажывецкіх цэн на 1,03%.

Харчовыя тавары, безалкагольныя і алкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы (уключаюцца ў харчовую групу) сталі даражэйшымі на 1,39%, асобна прадукты харчавання і безалкагольныя напоі — на 1,02%.

Сярод несезонных харчовых тавараў прыкметней за ўсё павысіліся цэны на соль (+8,63%), кансерваваную садавіну (+6,31%), соду (+4,26%), мінеральную і пітную ваду (+4,09%), а таксама кексы, рулеты і бісквіты (+4,00%).

Цэны на нехарчовыя тавары за студзень-люты павялічыліся ў сярэднім на 0,33%. Акрамя кветак найбольш падаражэлі штодзённыя газеты (+8,23%), ювелірныя вырабы (+6,92%), штотыднёвыя газеты (+6,62%) і мужчынскія паўчаравікі і скураныя туфлі (+6,55%).

Паслугі сталі даражэйшымі на 1,37%. Акрамя камп’ютарных курсаў у пяцёрцы лідараў білеты ў тэатры (+8,25%), музеі (+7,33%), пражыванне ў інтэрнатах (+7,18%) і пахавальныя паслугі (+5,78%).

Больш аналізу статыстыкі даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: