Мінск 13:37

Ціханоўская: Сапраўдны Дзень Канстытуцыі — гэта дзень павагі да чалавека, а не да ўлады

Фота: soyuz.by

15 сакавіка, Позірк. Сапраўдны Дзень Канстытуцыі — гэта дзень павагі да чалавека, а не “да сістэмы і не да вертыкалі [ўлады]”, заявіла з нагоды адпаведнага свята, якое адзначаецца 15 сакавіка, дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Сённяшні дзень павінен нагадваць пра галоўны прынцып дзяржавы — павагу да чалавека, яго годнасці і правоў. Канстытуцыя павінна абараняць слабога ад моцнага, грамадзяніна — ад злоўжывання ўладай. Яна павінна быць не інструментам кантролю, а гарантыяй свабоды”, — адзначыла палітык.

Беларусі патрэбная Канстытуцыя, якая “працуе ў рэальным жыцці, а не існуе толькі на паперы”, дадала яна. “Канстытуцыя, у якой права на свабоду слова, справядлівы суд і ўдзел у лёсе краіны не залежаць ад палітычнай кан’юнктуры. Канстытуцыя, якая не дазваляе нікому прыватызаваць дзяржаву і ператварыць часовы мандат у пажыццёвы кантроль. У якой ёсць сапраўдны падзел уладаў і абмежаванне паўнамоцтваў тых, хто кіруе”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“У сучаснай Беларусі Дзень Канстытуцыі стаў своеасаблівым святам з чорнай жалобнай стужкай, — заявіў дарадца Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. — Пра яго амаль не гавораць, не ўспамінаюць яго гісторыю і сэнс. Аднак беларуская дзяржаўная і прававая традыцыя мае глыбокія карані. Яшчэ Статуты Вялікага Княства Літоўскага на стагоддзі наперад сталі прыкладам канстытуцыйнага права для іншых еўрапейскіх краін. Яны замацоўвалі правы, працэдуры і абмежаванне ўлады — тое, што і сёння застаецца асновай дэмакратычнай дзяржавы. Але пасля рэферэндуму 1996 года Асноўны закон краіны перастаў быць рэальнай гарантыяй правоў чалавека”.

Гаворачы аб праекце “Канстытуцыі новай Беларусі”, Лябедзька адзначыў, што “гэта чарцяжы беларускага дома, у якім хочацца жыць”, “дома для дзевяці мільёнаў грамадзян — бяспечнага, камфортнага і справядлівага”.

“Беларусы заслугоўваюць не імітацыі народаўладдзя, а сапраўднага права выбіраць сваю будучыню”, — сказаў Лябедзька.

Раней з віншаваннем з нагоды Дня Канстытуцыі выступіў Аляксандр Лукашэнка. Сярод іншага ён заявіў, што “на аснове Канстытуцыі выбудаваная нацыянальная прававая сістэма, забяспечваецца прававая абароненасць кожнага чалавека”. Паводле слоў віншавальніка, “няўхільнае выкананне” Асноўнага закона дазваляе Беларусі “стабільна развівацца і ўпэўнена ісці наперад, нягледзячы на складанасць геапалітычнай абстаноўкі”.

Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь была прынятая Вярхоўным Саветам 12-га склікання 15 сакавіка 1994 года.

24 лістапада 1996 года асноўны закон быў абноўлены і дапоўнены на рэферэндуме, у выніку чаго Лукашэнка атрымаў фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы.

На рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года з Канстытуцыі было ліквідавана палажэнне, якое абмяжоўвае права адной асобы абірацца прэзідэнтам больш чым на два тэрміны.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

10 верасня 2020 года, прадстаўляючы Андрэя Шведа на пасадзе генеральнага пракурора, Лукашэнка назваў масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якія доўжыліся ў тыя дні, “нахабнай інтэрвенцыяй”, якая “падаграваецца і кіруецца звонку”. Натхняючы нагляднае ведамства на “выратаванне краіны ад гэтага нашэсця”, ён сказаў, што “часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры”.

13 сакавіка 2026 года Лукашэнка заявіў прадстаўнікам дзяржСМІ, што калі хтосьці паспрабуе паўтарыць у Беларусі 2020 год, “рэакцыя будзе вельмі жорсткая”. “Скажу больш: не гледзячы ні на якія законы і заканадаўства, я буду на гэта больш жорстка рэагаваць… Я павінен дзейнічаць так, як гэта трэба, і не толькі вам, а вам, дзецям”, — сказаў ён.

Фраза “часам не да законаў” стала мемам. З 2020 года ў Беларусі не спыняюцца беспрэцэдэнтныя па маштабе палітычныя рэпрэсіі.

Падзяліцца: