Мінск 13:08

У Мінску і Брэсце адкрыліся ўчасткі для галасавання на рэферэндуме ў Казахстане

Фота: амбасада Казахстана ў Беларусі

15 сакавіка, Позірк. Участак для галасавання на рэферэндуме ў Казахстане адкрыты ў амбасадзе гэтай краіны ў Мінску. Пра гэта паведамляецца на старонцы дыпмісіі ў “Фэйсбуку”.

Адзначаецца, што ўчастак пачаў працу ў 7:00.

Таксама ў 7:00 адкрыўся ўчастак для галасавання пры генеральным консульстве Казахстана ў Брэсце. Пра гэта паведамляецца на сайце казахстанскай амбасады ў Беларусі.

Рэферэндум па змене Канстытуцыі ініцыяваны прэзідэнтам краіны Касым-Жамартам Такаевым. Галасаванне праходзіць 15 сакавіка.

Праект новай Канстытуцыі прадугледжвае яе маштабнае абнаўленне. Паводле ацэнак СМІ, змены закрануць каля 84–87% тэксту дакумента.

Сярод асноўных прапанаваных змяненняў — пераўтварэнне двухпалатнага парламента ў аднапалатны, скарачэнне паўнамоцтваў заканадаўчага органа, вяртанне пасады віцэ-прэзідэнта (скасавана ў 1996 годзе) і інш.

Таксама прапануецца скарэктаваць статус рускай мовы. Цяпер у Канстытуцыі гаворыцца, што ў дзяржустановах руская мова выкарыстоўваецца “нароўні з казахскай”, у новай версіі асноўнага закона — што “разам з казахскай”.

Падзяліцца: