Мінск 12:32

Журналіст Павел Дабравольскі будзе адбываць тэрмін ва ўмовах узмоцненага рэжыму

Павел Дабравольскі
Фота: інстаграм-акаўнт Паўла Дабравольскага

15 сакавіка, Позірк. Як стала вядома “Позірку”, згодна з удакладненай інфармацыяй, прыгавораны да 9 гадоў пазбаўлення волі за “здраду дзяржаве” (арт. 356 КК) журналіст Павел Дабравольскі будзе адбываць тэрмін у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Раней Позірк паведамляў, што Мінскі гарадскі суд вызначыў яму строгі рэжым.

Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (артыкулы 119 і 120), узмоцнены рэжым прадугледжвае:

– тры кароткатэрміновых і два працяглых спатканні ў год (строгі — на адно кароткатэрміновае спатканне менш),

– атрыманне трох пасылак або перадач і двух бандэроляў або двух дробных пакетаў на працягу года (на адну пасылку менш),

– штомесячны расход на прадукты і прадметы першай неабходнасці сумы ў памеры пяці базавых велічынь (чатырох), у 2026 годзе гэта 225 рублёў (180).

Працэс над Дабравольскім пачаўся 27 лютага і завяршыўся 6 сакавіка. Журналіст адмовіўся абскарджваць вырак (гэта можна зрабіць на працягу 10 дзён пасля яго вынясення). Ці падавала пратэст пракуратура, невядома.

Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя.

Абвінавачанне было звязанае з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Яго апошняе месца працы ў Беларусі незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года, напярэдадні яе 30-годдзя, рашэннем КДБ была прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем“.

30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.

Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку Іране і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе пацярпеў ад нападу рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.

Акаўнт журналіста ў “Тэлеграме ” актываваўся пасля яго арышту мінімум тройчы — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка 2025 года. Цяпер акаўнта ў месенджары няма.

26 лютага 2026 года за “здраду дзяржаве” вялікія тэрміны пазбаўлення волі атрымалі былыя кіраўнікі Баранавіцкага незалежнага СМІ Intex-Press Уладзімір Янукевіч (14 гадоў) і Андрэй Пакаленка (12).

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у няволі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.

У сувязі з новымі прысудамі журналістам БАЖ заклікала павялічыць увагу да Беларусі і патрабаваць ад уладаў неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Вызваліць Дабравольскага і астатніх журналістаў запатрабаваў Камітэт па абароне журналістаў (CPJ).

Падзяліцца: