Мінск 21:01

Праз пазапланавы рамонт цягнікі бізнес-класа будуць заменены вагонамі лакаматыўнай цягі

Ілюстрацыя: bsut.by

13 сакавіка, Позірк. У сувязі з неабходнасцю пазапланавага рамонту рухомага саставу на асобных міжрэгіянальных лініях бізнес-класа замест цягнікоў серыі ЭПм (“Штадлер”) будуць курсіраваць саставы, сфармаваныя з вагонаў лакаматыўнай цягі, паведамляе Беларуская чыгунка.

Ад 13 сакавіка 2026 года з такіх вагонаў будзе сфармаваны састаў цягніка №733 Мінск—Брэст з адпраўленнем з Мінска ў 17.21 і прыбыццём у Брэст у 21.06;

Ад 14 сакавіка 2026 года — цягнік №734 Брэст—Мінск з адпраўленнем з Брэста ў 6.34 і прыбыццём у Мінск у 10.41.

БЧ звяртае ўвагу, што “ў сувязі з неабходнасцю забеспячэння рассадкі пасажыраў у выдзеленым рухомым саставе можа часова адсутнічаць магчымасць набыцця праязных дакументаў на гэтыя цягнікі ў сістэмах і пунктах продажу БЧ”.

Рэкамендуецца адсочваць інфармацыю ў адзіным раздзеле “Паслугі пасажырам” афіцыйнага сайта БЧ і ў мабільным дадатку “БЧ. Мой цягнік”.

Пасажырам, якія раней набылі праязныя дакументы на названыя цягнікі, будзе кампенсавана розніца ў кошце праезду пры звароце ў білетныя касы Беларускай чыгункі.

Папярэдні раз БЧ вяртала ў эксплуатацыю старыя цягнікі напачатку лютага — замест польскіх дызель-цягнікоў кампаніі “PESA Bydgoszcz SA”, якія былі знятыя з маршрутаў “па тэхнічных прычынах”. Тады стаялі моцныя маразы.

Швейцарскія цягнікі “Штадлер”, якія выпусціў завод у Фаніпалі, здымаліся з маршрутаў у верасні мінулага года. Іх тэхнічнае абслугоўванне ўскладнена праз еўрапейскія санкцыі.

Падзяліцца: