Мінск 21:29

КР рэкамендавала Казлова на пасаду прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку

Мікалай Казлоў
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 сакавіка, Позірк. Каардынацыйная рада рэкамендавала былога палітвязня Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні правапарадку.

За гэтае рашэнне з 44 дэлегатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні 13 сакавіка, выступілі 35, супраць — 6, устрымаліся — 3, паведаміла прэс-служба КР.

Галасаванне па фракцыях: “Каманда Латушкі і рух “За свабоду” — 19, 1, 2 адпаведна, “Незалежныя беларусы” — 3, 0, 1, “Еўрапейскі выбар” — 6, 0, 0, “Наша справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты” — 3, 0, 0, “Хопіць баяцца” — 2, 0, 0, “Наступ” — 0, 5, 0, пазафракцыйныя дэлегаты — 2, 0, 0.

Слуханні КР па кандыдатуры Казлова прайшлі 11 сакавіка. Ён, у прыватнасці, заявіў, што валодае “вялікім досведам у гэтай галіне” і ўжо “дастаткова шчыльна супрацоўнічае” з ініцыятывай BelPol, а таксама мае намер працаваць “з усімі [арганізацыямі] ў сферы праваахоўнай дзейнасці”.

Падчас ужо праведзеных кансультацый, адзначыў Казлоў, “вылучылі асноўныя напрамкі дзейнасці прадстаўніцтва: збор, аналіз інфармацыі пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў дзяржаўных органаў Беларусі, дакументаванне супрацьпраўнай дзейнасці, выпрацоўка рэкамендацый для грамадзян Беларусі па мерах бяспекі ва ўмовах, калі дзяржава парушае іх правы, супрацоўніцтва з партнёрскімі арганізацыямі ў распрацоўцы дакументаў па рэалізацыі правасуддзя пераходнага перыяду, выпрацоўка сумеснай стратэгіі, тактычная каардынацыя з партнёрскімі, беларускімі і міжнароднымі арганізацыямі”.

Адказваючы на пытанне пра сваю каманду, прэтэндэнт падкрэсліў, што пакуль не можа называць персаналіі.

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) (ліквідавана беларускімі ўладамі), некалі супрацоўнік МУС, экс-палітвязень Мікалай Казлоў быў прапанаваны на пасаду прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку дэмлідарам Святланай Ціханоўскай у студзені 2026 года.

Казлоў нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў Валожыне, вырас у Нясвіжы (абодва гарады ў Мінскай вобласці). Паводле даных АПК, скончыў Новасібірскае вышэйшае агульнавайсковае вучылішча, “служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту”. Вярнуўся ў Беларусь пасля распаду СССР.

Першым прадстаўніком АПК па аднаўленні правапарадку быў кіраўнік аб’яднання ByPol Аляксандр Азараў. У жніўні 2023 года КР абвясціла яму вотум недаверу, Ціханоўская як кіраўніца АПК вызваліла яго ад пасады. З таго часу гэтая пазіцыя ў кабінеце вакантная.

Група былых сілавікоў з арганізацыі ByPol з ліпеня 2023 года дзейнічае як новая структура — BelPol. Цяпер у ёй працуюць не толькі выхадцы з сілавых структур.

Падзяліцца: