Мінск 16:10

Тэрміновыя рублёвыя ўклады фізічных асоб за люты выраслі на 520,4 млн рублёў

Ілюстрацыйнае фота: Andre Taissin / unsplash.com

13 сакавіка, Позірк. Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты фізічных асоб у беларускіх банках на 1 сакавіка 2026 года склалі 16,2 млрд рублёў, паведамляе Нацыянальны банк.

За люты яны павялічыліся на 520,4 млн рублёў (+3,3%).

У Беларусі, паводле слоў намесніка кіраўніка Нацбанка Андрэя Картуна, якія прыводзіць прэс-служба рэгулятара, “умераныя тэмпы росту крэдытавання”.

Трэндам на фінансавым рынку краіны ён назваў “рост крэдытаў на куплю тавараў айчыннай вытворчасці”. Калі раней, адзін ці два банкі “былі задзейнічаныя ў пэўных праграмах на народныя тавары”, то цяпер Нацбанк “рэкамендаваў банкам мець у сваім партфелі такія крэдыты”.

Цяпер, паводле слоў чыноўніка, “калі не ўсе, то большасць банкаў прапануюць крэдыты на айчынныя тавары”. “Рост за месяц [складае] ужо каля 70% у гадавым выражэнні”, — адзначыў спікер.

“Калі казаць пра структуру ў цэлым усіх крэдытаў, то пераважна ў нас растуць рублёвыя крэдыты, а валютны складнік, наадварот, запавольваецца. Пад 90% усіх крэдытаў, што выдадзеныя, — гэта рублёвыя крэдыты пераважна”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка НБ.

Раней “Позірк” паведамляў, што сярэднія стаўкі па крэдытах банкаў (тут і далей у нацыянальнай валюце, без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) за студзень выраслі на месяц на 0,19 працэнтнага пункта (з 10,97% ў снежні 2025-га да 11,16% ў студзені 2026-га).

Сярэдняя стаўка ў студзені 2025 года складала 10,36%, у лютым — 10,66%, сакавіку — 10,75%, красавіку — 10,79%, траўні — 10,88%, чэрвені — 10,96%, ліпені і жніўні — 11,15%, верасні — 11,13%, кастрычніку — 11,17%, лістападзе — 11,18%, снежні — 10,97%.

Такім чынам, у гадавым вымярэнні гэты індыкатар павялічыўся на 0,8 п.п.

Для юрыдычных асоб за першы месяц 2026-га стаўка стала ніжэйшай на 0,14 п.п. (з 9,86% да 9,74%); для фізічных асоб — вышэйшай на 0,4 п.п. (з 11,77% да 12,17%).

Падзяліцца: