Беларусь і ЗША абмяркоўваюць у тым ліку “вызваленне так званых палітвязняў”, заяўляе Лукашэнка

13 сакавіка, Позірк. Беларусь вядзе з ЗША перагаворы “годна, <…> вывеўшы за дужкі Расію і Кітай”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 13 сакавіка Магілёўскую вобласць.
Справы Мінска з гэтымі дзвюма краінамі з амерыканцамі не абмяркоўваюцца, падкрэсліў палітык, словы якога прыводзяць дзяржСМІ.
Лукашэнка паведаміў, што з прадстаўнікамі ЗША абмяркоўваюць двухбаковыя стасункі, “пачынаючы ад узнаўлення нармальнай працы амбасады да вызвалення так званых палітвязняў”. “Хоць у нас такіх (палітычных. — “Позірк”.) артыкулаў няма”, — у чарговы раз заявіў ён.
“І эканамічныя пытанні, і санкцыі — усё ў комплексе. Там пытанняў дзесяць. Вядзём з імі перагаворы па ўсіх пытаннях. Пытанняў куча”, — дадаў спікер.
10 сакавіка літоўскі партал Delfi са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл прыбудзе ў Вільнюс 18 сакавіка, пасля чаго накіруецца ў Мінск.
Як правіла, візіты прадстаўнікоў адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа суправаджаюцца вызваленнем часткі палітвязняў па выніках перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам. У абмен магчымае зняццё санкцый, як гэта ўжо адбылося з “Белавія” і “Беларуськаліем”.
12 лютага 2025 года ў выніку перагавораў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і высланыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.
21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перагаворы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера і палітычнага актывіста Сяргея Ціханоўскага — мужа беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі 11 верасня. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны (адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, вярнуўся на беларускую тэрыторыю і быў вернуты за краты; выйшаў на волю ў лютым 2026-га пасля перанесенага інсульту).
13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцей паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. Большасць павезлі ва Украіну, адкуль многія перабраліся ў Польшчу, Літву, Германію ды інш.
Кіраўнік Белага дома ўжо тройчы заяўляў пра неабходнасць вызваліць усіх “закладнікаў”, як ён называе палітвязняў.
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаСума наяўных грошай у абароце за месяц павялічылася на 482 млн рублёў — Нацбанк (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства12 сакавіка ў Беларусі перакрыты абсалютны тэмпературны рэкорд дня (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства


