Мінск 17:50

Школьніца пацярпела ў ДТЗ ля мінскага гандлёвага цэнтра “Дана Мол”, у сітуацыі разбіраецца СК

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

12 сакавіка, Позірк. 11-гадовая дзяўчынка пацярпела ў дарожна-транспартным здарэнні ўдзень 12 сакавіка ля мінскага гандлёвага цэнтра “Дана Мол”, паведамляе сталічная Дзяржаўтаінспекцыя.

Паводле інфармацыі службы, 35-гадовая жыхарка Мінска за рулём аўтамабіля “БМВ”, рухаючыся па вул. Жасмінавай ад пр. Незалежнасці, выехала за межы праезнай часткі на тратуар і збіла дзіця. “Пасля адбылося перакульванне транспартнага сродку”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, жанчыне “стала блага падчас руху”. Кіроўца і школьніца дастаўленыя ў бальніцу для абследавання.

Следчы камітэт паведаміў, што на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група — “праводзіцца агляд, фіксуецца следавая карціна, высвятляюцца ўсе акалічнасці здарэння”.

Раней “Позірк” паведамляў, што ўвечары 10 сакавіка на скрыжаванні вул. Дамашэўскай і вул. Маскоўскай у Мінску ў ДТЗ пацярпелі 33-гадовая жанчына і шасцігадовае дзіця. Паводле папярэдняй інфармацыі, 56-гадовая кіроўца аўтамабіля “Пежо” паварочвала налева там, дзе гэта забаронена, не даўшы перавагі “Хунцы” (Hongqi), які рухаўся насустрач.

Пацярпелыя — пасажыры “Пежо” — былі дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя для абследавання.

У 2025 годзе, паводле папярэдніх даных, колькасць аварый у Беларусі скарацілася на 6%, заяўляў у студзені 2026-га начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў. Паводле яго слоў, на 9% знізілася колькасць аварый з пацярпелымі, колькасць загінулых зменшылася на 17 (з 434 да 417). Пры гэтым узрасла колькасць загінулых матацыклістаў (колькасць не была названая).

Падзяліцца: